Аператар машыннага даення сельгаспрадпрыемства імя Маркава Наталля Ліпская (на здымку) — адна з лепшых даярак не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і ў раёне.
Знаходзіцца ў перадавіках сельгасвытворчасці Наталлі дапамагаюць яе сумленныя адносіны да працы, пачуццё адказнасці за даручаную справу, любоў да жывёлы і прафесіі. Ажно чвэрць стагоддзя жанчына ўносіць свой уклад у забеспячэнне харчовай бяспекі не толькі свайго рэгіёну, але і краіны.
— Калісьці я працавала поварам у дзіцячым садзе № 2 гарадскога пасёлка, — кажа Наталля. — З закрыццём установы прапанавалі месца даяркі ў гаспадарцы. Я згадзілася і не пашкадавала, а з таго часу ўжо мінула 25 гадоў.
Калектыў у нас зладжаны, паміж жывёлаводамі існуе ўзаемавыручка. Разам са мной працуюць Надзея Бука, Інэса Сапун, а загадвае фермай аддзялення «Рассвет» Наталля Папко. І хоць праца без выхадных, кіраўнік МТФ заўсёды ідзе насустрач і падмяняе аператараў машыннага даення, калі існуе ў гэтым патрэба.
У свой час мы з мужам узялі ільготны крэдыт, прадастаўлены дзяржавай, пабудавалі ўласны дом у гарадскім пасёлку. Выхавалі чатырох дзяцей, вывелі на шырокую жыццёвую дарогу. Верым, што ў далейшым іх лёс будзе шчаслівым і бязвоблачным. А для гэтага трэба працаваць і быць удзячным за кожны пражыты дзень пад мірным небам.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

