Актыўна працуюць камбайнеры ў ААТ «Жвіранка»

Сельское хозяйство

У мінулым нумары раённай газеты мы паведамлялі, што на дапамогу шаркаўшчынскім хлебаробам прыйшоў механізаваны атрад з Гродзенскай вобласці.

Чатыры экіпажы зернеўборачных камбайнаў шчыруюць на палетках ААТ «Жвіранка». На адвозе зерня задзейнічаны грузавы аўтамабіль з прычэпам. Калі мы прыехалі ў гаспадарку, звяно тэхнікі працавала на 80-гектарным палетку ў аддзяленні Каўшэлева, ішла ўборка трыцікале.

— Безумоўна, дапамога, якую нам аказваюць гродзенцы, вельмі дарэчы, — кажа начальнік аддзялення Пётр Катовіч. — Магчыма, мы справіліся і сваімі сіламі, але збажына спее адначасова на ўсіх участках, убіраць трэба тэрмінова. Чатыры экіпажы камбайнаў працуюць актыўна, адразу бачна, што за штурваламі знаходзяцца прафесіяналы сваёй справы. Ніводнай хвіліны гродзенцы не марнуюць, каб спыніцца на перапынак — час прыспешвае. З-за пераўвільготненай глебы ў некаторых месцах тэхніка буксуе. На такі выпадак побач дзяжурыць пагрузчык «Амкадор», які ажыццяўляе буксіроўку камбайнаў.

На жніўны палетак прыехалі старшыня райвыканкама Сяргей Кашміла і яго першы намеснік Аляксандр Варона. Кіраўнік раёна застаўся задаволены тэмпамі ўборкі. Ён акцэнтаваў увагу мясцовых аграрыяў на тым, каб тэхніка працавала ў полі ад світання і да выпадзення вячэрняй расы. Наперадзе іншыя шматгектарныя ўчасткі палёў, якія трэба абмалаціць, каб не страціць вырашчаны ўраджай.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.