Новая старонка школьнага жыцця

Общество

Пасля летніх канікул першы вераснёўскі дзень паклікаў школьнікаў за парты, пачаўся новы навучальны год.

296 хлопчыкаў і дзяўчынак у святочнай форме, з шыкоўнымі букетамі кветак прыйшлі на ўрачыстую лінейку ў сярэднюю школу № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына. З прывітальным словам да вучняў, іх бацькоў і настаўнікаў звярнулася дырэктар навучальнай установы, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, дэлегат VII Усебеларускага народнага Сходу Ядвіга Балай. Дырэктар пажадала школьнікам паспяховай вучобы, прыкладных паводзін, бацькам — вытрымкі, а педагагічнаму калектыву — поспехаў у справе навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Лепшым вучням Ядвіга Балай уручыла падзякі і граматы за актыўны ўдзел у школьных акцыях і конкурсах.

Пажаданні паспяховай вучобы прагучалі ад начальніка аддзела па адукацыі райвыканкама, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Кацярыны Міхнёнак. У якасці падарунка яна ўручыла школе падарачны сертыфікат на набыццё інтэрактыўнай панэлі.

Сёлета ў першы клас прыйшлі 28 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе яны атрымалі кнігу-падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Беларусь — наша Радзіма». Наказ на паспяховую вучобу першакласнікам далі вучні выпускнога адзінаццатага класа. Самым хвалюючым момантам урачыстасці стаў першы школьны званок, які прагучаў у руках адзінаццацікласніка Яўгена Васілеўскага і вучаніцы першага класа Алісы Лямічавай. Новы навучальны год пачаўся. У добры шлях, вучні!

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.