Аляксандр Асетнік і Яўген Гарбуз працуюць у сістэме меліярацыі раёна

Общество Сельское хозяйство

Пакрысе абнаўляецца машынна-трактарны парк Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм.

На змену старым адна- і мнагакаўшовым экскаватарам, якія выпрацавалі свой тэхнічны рэсурс, прыходзіць новая айчынная тэхніка, якая адпавядае сучасным патрабаванням.

Аляксандр Асетнік і Яўген Гарбуз працуюць у складзе адной брыгады па пракладцы дрэнажу. Аляксандр з’яўляецца машыністам мнагакаўшовага экскаватара «Амкадор», Яўген — трубаўкладчык.

У пачатку года прадпрыемства набыло новы экскаватар, кіраваць якім даручана Аляксандру Асетніку.

— Новая тэхніка — гэта новыя магчымасці і новыя гарызонты для паспяховай работы, — кажа мужчына. — Раней шмат гадоў працаваў на мнагакаўшовых экскаватарах яшчэ савецкай вытворчасці. Разам з памочнікамі дасягалі высокіх вытворчых паказчыкаў. Сёлета працуем на тэхніцы вытворчасці завода «Амкадор». Экскаватар новы, сучасны. У працэсе эксплуатацыі здараюцца невялікія паломкі і тут ёсць розныя прычыны. Тэхнічны склад глебы ў нашай мясцовасці вельмі складаны, у асноўным гэта цяжкія сугліністыя землі. На заводзе спецыялісты ўлічваюць гэта і паступова ідзе дапрацоўка асобных дэталяў і механізмаў для далейшай эксплуатацыі экскаватараў дадзенага тыпу.

Як паведаміў дырэктар Шаркаўшчынскага ПМС Іван Лазовік, па выніках мінулага года брыгада па ўкладцы дрэнажу ў складзе Аляксандра Асетніка і Яўгена Гарбуза стала другой у вобласці. Гэта значыць, што ёсць усе перадумовы, каб на наступны год стаць першымі, бо працуюць шаркаўчане на новай тэхніцы.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.