Кожнае выступленне народнага фальклорнага калектыву «Купалінка» Більдзюгскага сельскага Дома культуры ператвараецца ў адметнае свята з нацыянальным каларытам. Справаздачны канцэрт самадзейных артыстаў стаў чарговым таму пацверджаннем.
«Купалінка» — адзін са старэйшых самадзейных калектываў раёна з найменнем «народны», сёлета яму споўнілася 36 год. Заснавальнікам і нязменным кіраўніком з’яўляецца Надзея Вайцюль — творчая асоба, таленавітая жанчына, умелы арганізатар, улюбёны ў сваю справу.
Як і заўсёды, артысты не проста выконвалі песні на сцэне клубнай установы. Кожны з іх удала пераўвасобіўся ў мясцовых сялян, якія паказалі адзін з дзён вясковага жыцця. Галоўнымі гераінямі тэатралізаванай дзеі сталі жанчыны Васіліна і Аліна. Абедзьве жывуць штодзённымі клопатамі, завіхаюцца па гаспадарцы, ходзяць адна да адной у госці, каб падзяліцца апошнімі навінамі, а нярэдка і проста паслухаць вясковыя плёткі.
Кожны нумар тэатралізацыі змяняўся беларускімі народнымі песнямі, побытавымі танцамі, якія з цеплынёй успрымала мясцовая публіка. Жыхары аграгарадка, нягледзячы на працоўную занятасць, прыйшлі на канцэрт, хто паасобку, хто парамі, некаторыя завіталі са сваімі дзецьмі і ўнукамі. Усім было цікава ў чарговы раз правесці час разам з «Купалінкай».
— Нас вельмі радуе тая акалічнасць, што калектыў жыве і прадаўжае развівацца, — кажа Надзея Вайцюль. — На змену пажылым яго ўдзельнікам прыходзіць моладзь, якая цікавіцца фальклорнай спадчынай продкаў. Гэта нас натхняе на новыя планы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
