Адкрытае першынство раёна па міні-футболе

Спорт

зборная каманда г.Міёры
момант гульні
шаркаўшчынскія футбалісты
пераможцы першынства з г. Міёры

На стадыёне ў мікрараёне ПМК-68 25 красавіка прайшло адкрытае першынство Шаркаўшчынскага раёна па міні-футболе сярод хлопчыкаў 2002 года нараджэння і маладзей. У футбольных баталіях прынялі ўдзел шэсць каманд. Тры з іх прадставілі наш гарадскі пасёлак. Паспрачацца за званне мацнейшых аматараў скуранога мяча завіталі таксама каманды з Глыбокага, Міёр і Верхнядзвінска.

Упартая барацьба паміж юнымі футбалістамі працягвалася некалькі гадзін. Кожная гульня каманд-саперніц складалася з дзвюх таймаў па дзесяць хвілін кожны. Пад яркімі промнямі веснавога сонца, якое не толькі радавала спартсменаў сваім цяплом, але яшчэ прыдавала дадатковай стомленасці, напрыканцы гульні выявіліся лідары і аўтсайдэры футбольнага паядынку.

Нашы землякі, на жаль, не змаглі падняцца на прызавы п’едэстал. У выніку шаркаўчане занялі шостае, пятае і чацвёртае месцы ў турнірнай табліцы. “Бронзу” першынства павезлі з сабою глыбоцкія футбалісты. На другім месцы цвёрда замацаваліся спартсмены з Верхнядзвінска. А Кубак пераможцаў адкрытага першынства Шаркаўшчынскага раёна па міні-футболе заваявалі аматары скуранога мяча з Міёраў.

Як выказаліся пасля матчу трэнеры каманд-удзельніц, галоўнае не занятае месца ў футбольным спаборніцтве, а тое, што дзеці змаглі ў таварыскай сустрэчы пасля зімовага перапынку зноў выйсці на спартыўную пляцоўку і з карысцю правесці свой час.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *