У КУВСП імя Маркава падвялі прамежкавыя вынікі сельскагаспадарчага года

Общество Сельское хозяйство

Працу ў галіне сельскай гаспадаркі нярэдка параўноўваюць з працай у адкрытым цаху. Але, нягледзячы на такія цяжкасці, аграрыі стараюцца трымацца на плыву і дасягаць станоўчых вынікаў.

Камунальнае ўнітарнае сельскагаспадарчае прадпрыемства імя Маркава з’яўляецца сярэднім па плошчы ў параўнанні з іншымі сельгаспрадпрыемствамі раёна. Тут налічваецца 6183 гектары сельгасўгоддзяў, з якіх 4529 га складае ворыва. Колькасць працуючых у гаспадарцы 120 чалавек.

Нягледзячы на аб’ектыўныя складанасці, з якімі штодзённа сутыкаюцца вяскоўцы, тут знаходзяць выйсце з любой крытычнай сітуацыі. Вясной аграрыям перашкаджалі замаразкі. Падчас корманарыхтоўчых работ ішлі працяглыя дажджы, што адмоўна паўплывала на ход і якасць правядзення гэтых работ. Ва ўборачную кампанію надвор’е таксама ўнесла адмоўныя карэктывы: з-за пераўвільготненай глебы камбайны з цяжкасцю рухаліся па хлебнай ніве. Гэта абумовіла частыя буксіроўкі, перарасход паліва, паломкі вузлоў і агрэгатаў.

— На пастаяннай аснове дзяржава нам аказвала ўсебаковую падтрымку ў выглядзе набыцця ўдабрэнняў, паліва, гаручазмазачных матэрыялаў, тэхнікі, — кажа дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель. — Чалавечы фактар таксама паспрыяў станоўчым вынікам ў агульнай справе. Ніхто з работнікаў не лічыўся з асабістым часам, бо ўсведамляў, што на ўліку кожная пагодная хвіліна, хлеб трэба сабраць своечасова і без страт. І гэта ў нас атрымалася. Валавы намалот зерневых па гаспадарцы склаў 2950 тон, што на тысячу тон больш, чым у мінулым годзе. У два разы больш мінулагодняга склаў намалот рапсу — больш за 600 тон. У дастатковай колькасці нарыхтавалі кармоў: 283 тоны сена, 7479 — сенажу і 4775 — сіласу. У разліку на адну ўмоўную галаву жывёлы назапасілі 26 цэнтнераў кармавых адзінак. За дзесяц месяцаў бягучага года валавы надой малака склаў 2380 тон. Гаспадарка заняла першыя месцы ў раённым спаборніцтве за дасягненне лепшых вынікаў на ўборцы ўраджаю зерневых, рапсу, шматгадовых траў, вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі і была адзначана Ганаровай граматай райвыканкама на раённым свяце «Дажынкі».

Важкай дапамогай падчас жніва стала набыццё новага зернеўборачнага камбайна «Палессе» КЗС-1218. Кіраваў тэхнікай вопытны механізатар Станіслаў Странчэўскі, які намалаціў 1020 тон зерня. 1009 тон зерня адправіў у дзяржаўныя засекі камбайнер Дзмітрый Осіпаў. Малады механізатар Анатоль Курылёнак перавёз ад камбайнаў на збожжаток 1077 тон зерня.

Гаспадарка сёлета таксама набыла новыя культыватар і шыроказахопную сеялку. Да канца года ў сельгаспрадпрыемства павінны паступіць энерганасычаны трактар «Беларус» МТЗ-3522 і яшчэ адзін культыватар. Як паведаміў дырэктар, у сельгаспрадпрыемстве чакаюць паступлення іншай тэхнікі ў будучым годзе: трактар, раскідвальнікі арганічных угнаенняў, сеялка для кукурузы, пагрузчык «Амкадор» і зернеўборачны камбайн.

Таксама ў 2026 годзе пачнецца будаўніцтва сучаснай малочнатаварнай фермы на 1200 галоў паблізу вёскі Савуткі. Тут будзе сканцэнтравана асноўная частка пагалоўя буйной рагатай жывёлы сельгаспрадпрыемства.

Пад ураджай 2026 года пасеяны азімыя зерневыя (пшаніца, трыцікале і ячмень) на плошчы 1079 гектараў, 365 га займае азімы рапс. Вядзецца ўздым зябліва.

Гэту і іншую інфармацыю агучыў кіраўнік гаспадаркі Юрый Жынгель падчас падвядзення прамежкавых вынікаў сельскагаспадарчага года перад работнікамі КУВСП. Лепшым працаўнікам дырэктар ўручыў падарункі і грашовыя прэміі, пажадаў далейшай плённай працы на карысць роднага краю.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.