Прафесійнае свята разам з калегамі адзначае юрысконсульт Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм Алена Бондар

Новости Витебщины Общество

Сёння нельга ўявіць прадпрыемства або арганізацыю без дзейснай юрыдычнай службы. Паспяховая работа кожнага калектыву ў значнай ступені залежыць ад яе рашэнняў.

На працягу шасці гадоў юрысконсультам Шаркаўшчынскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм працуе Алена Бондар.

— Работа, якой я займаюся, вельмі карпатлівая, — кажа спецыяліст. — Кожны дзень сустракаюся з мноствам людзей, правяраю і апрацоўваю дакументы, вывучаю значны аб’ём прававой інфармацыі. Лічу, што юрыст павінен валодаць такімі якасцямі, як настойлівасць, высокае пачуццё адказнасці, уменне прымаць самастойна рашэнні і несці за іх адказнасць. Акрамя асноўнай работы перыядычна замяшчаю спецыяліста па ахове працы і тэхніцы бяспекі, работніка кадравай службы. На грамадскіх пачатках з’яўляюся казначэем пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі.

У гэту прафесію я прыйшла свядома. Пасля заканчэння школы набыла прававую адукацыю спачатку ў Полацкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, а затым на аддзяленні завочнага навучання Полацкага дзяржуніверсітэта. Па спецыяльнасці пачынала працаваць у адным з сельгаспрадпрыемстваў раёна, з’яўлялася юрысконсультам у банкаўскай сферы. Калі надарылася магчымасць узначаліць юрыдычную службу прадпрыемства меліярацыйных сістэм, вырашыла змяніць месца працы. Аб гэтым ніколі не пашкадавала, бо калектыў арганізацыі з’яднаны, заўсёды адчуваецца плячо падтрымкі з боку кіраўніцтва прадпрыемства і яго спецыялістаў.

— Алена валодае не толькі трывалымі юрыдычнымі ведамі і пастаянна павышае сваю кваліфікацыю, — кажа кіраўнік арганізацыі Іван Лазовік, — але яшчэ займаецца і грамадскай дзейнасцю, ніколі не лічыцца з уласным часам, заўсёды дапамагае маладым работнікам.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.