Выйшаў чарговы зборнік паэзіі ўдзельніцы народнага літаратурнага аб’яднання «Світанак» Аліны Шынкевіч

Общество

Гэта назва чарговага зборніка паэзіі ўдзельніцы народнага літаратурнага аб’яднання «Світанак» Аліны Шынкевіч, выхад якога яна прымеркавала да свайго юбілею.

Першыя спробы пяра ў Аліны былі яшчэ ў дзяцінстве, якое прайшло ў маляўнічых мясцінах Глыбоцкага раёна. Прырода, наваколле натхнялі дзяўчыну на напісанне вершаваных твораў. У юнацтве Аліна марыла стаць настаўніцай беларускай мовы, але лёс распарадзіўся па-іншаму. Ужо ў сталым узросце яе спадарожнік жыцця, муж Анатоль раіў жонцы не быць сарамлівай, а паспрабаваць паказаць напісаныя ёю творы прафесіяналам — вядомым шаркаўшчынскім літаратарам, удзельнікам народнага літаратурнага аб’яднання «Світанак». І справа зрушылася з месца. Яе вершы высока ацанілі Віктар Лагун, Міледзій Кукуць, Ала Клакоўская. І сама Аліна з 2018 года ўлілася ў «світанкаўскую» плынь: піша вершы, выдае зборнікі паэзіі, праводзіць літаратурныя сустрэчы з вучнямі, удзельнічае ў шматлікіх конкурсах і фестывалях. Ужо пабачылі свет, знайшлі свайго ўдзячнага чытача зборнікі «Іскрынка душы», «Ад шчырага сэрца», «Маленькі мір шчаслівага дзяцінства».

Работнікі Лужкаўскай бібліятэкі Ірына Машара і Лена Гугалінская арганізавалі правядзенне творчага вечара «Жыву… Пішу… Кахаю…», прысвечанага юбілейнаму дню нараджэння Аліны Шынкевіч. У зале прысутнічалі як сябры імянінніцы па пяру, так і родныя, аднавяскоўцы, прыхільнікі творчасці юбіляра. Шмат цёплых слоў было выказана прысутнымі ў адрас паэтэсы. Галоўныя з іх — пажаданні нязгаснай творчасці ў жыцці, разумення і падтрымкі родных людзей, здароўя і даўгалецця.

На вечарыне Аліна Шынкевіч прэзентавала чарговы аўтарскі зборнік паэзіі «Жыву… Пішу… Кахаю…», у які ўвайшлі як беларускамоўныя, так і вершы на рускай мове. Наперадзе ў літаратара шмат планаў, якія абавязкова ўвасобяцца ў жыццё.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.