Ёсць людзі, якія з гадамі перастаюць адчуваць чараўніцтва Новага года, бо свята гэта пачынае асацыявацца хутчэй з клопатамі, мітуснёй, грашовымі тратамі, а не з чаканнем цудаў і зімовай казкай. У сем’ях, дзе падрастаюць дзеці, такога не здарыцца, з усмешкай адзначае Таццяна Ракітка з аграгарадка Наваселле. Разам з мужам Сяргеем яна выхоўвае траіх дзяцей. Кожны год у іх сям’і Новы год і Каляды — самыя доўгачаканыя святы, якія немагчыма ўявіць без падарункаў, сюрпрызаў, звонкага смеху і абавязкова адчування таго, што побач — самыя родныя.
Кулінарыя — не проста захапленне
Новы год у сям’і Ракіткаў — гэта, перш за ўсё, цёплая традыцыя збірацца разам за вялікім, святочным сталом, дзе ўсе любімыя стравы з густам прыгатаваныя гаспадыняй. Кулінарыя для Таццяны — не проста захапленне. Жанчына працуе поварам у ААТ «Агратэхсэрвіс», дзе яе асноўнай задачай з’яўляецца забеспячэнне якасным і своечасовым харчаваннем работнікаў прадпрыемства, асабліва ў перыяды такіх важных сельскагаспадарчых кампаній, як пасяўная і ўборачная. Дома прыгатаванне святочных страў — працэс значна больш творчы, у якім абавязкова па меры сваіх магчымасцяў дапамагаюць дзеці. І падчас прыгатавання салатаў ці ўпрыгожвання торта старэйшыя перадаюць малодшым не толькі рэцэпты, але і цікавыя сямейныя гісторыі,байкі, традыцыі. Так агульныя жарты, перадсвяточная мітусня і нават маленькія кулінарныя няўдачы, над якімі можна усім разам пасмяяцца, лепш за ўсё аб’ядноўваюць усіх, здымаюць назапашаны за дзень стрэс.
17 год разам
Сяргей і Таццяна Ракіткі сваю сям’ю стварылі 17 год назад. Прыкладна столькі ж Сяргей працуе вадзіцелем газелі ва УКП ЖКГ у нашым гарадскім пасёлку. Дастаўка грузаў і рэгулярныя камандзіроўкі патрабуюць не толькі майстэрства ваджэння, але і высокай дысцыпліны. Бо работа шафёра, перш за ўсё — гэта асабістая адказнасць за захаванасць груза і давераны аўтамабіль. За высокія дасягненні ў працы Сяргей Ракітка некалькі гадоў назад стаў лаўрэатам ганаровага звання «Чалавек года Шаркаўшчыны».
У аграгарадку Наваселле сям’я купіла дом, з цягам часу яго перабудавала. Рамонтныя работы ажыццяўлялі ўласнымі сіламі і з дапамогай родных. Калі нарадзіліся дзеці, крэдыт на жыллё, дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, выплацілі амаль адразу. Старэйшы ў сям’і сын Дзяніс ужо студэнт. У адным з Мінскіх каледжаў юнак атрымлівае прафесію электрыка. Дачка Вераніка вучыцца ў 8 класе сярэдняй школы № 1 нашага гарадскога пасёлка і ў гэтым годзе завяршае вучобу ў Шаркаўшчынскай дзіцячай школе мастацтваў. Дзяўчынка іграе на піяніна і сінтэзатары, спявае ў хоры, са школьных прадметаў аддае перавагу урокам гісторыі, якія ў сярэдняй школе № 1 цікава выкладае яе класны кіраўнік Аксана Бабоўская.
Малодшая Крысціна вучыцца ў другім класе. Яна любіць маляваць, разам з сястрой і маці стварае карціны ў тэхніцы алмазнай мазаікі.
Менавіта гэта хобі, якое пачалося з таго, што дзяўчынкі папрасілі маці дапамчы закончыць сваю працу, надзвычай захапіла і Таццяну. Зараз, у зімовы перыяд, калі работы па гаспадарцы стала менш, яна разам з дочкамі стварае вялікую карціну ў тэхніцы алмазнай мазаікі, якая ў будучым упрыгожыць адзін з пакояў іх утульнага дома.
Любім свой аграгарадок
Таццяна нарадзілася і вырасла ў Наваселлі, Сяргей родам з аграгарадка Більдзюгі Шаркаўшчынскага раёна.
— Любім свой аграгарадок, землякоў, нашу вуліцу, на якой пражываюць шмат сем’яў, — расказала Таццяна. — Нашым дзецям тут ніколі не бывае сумна. І нам за іх не трэба хвалявацца. Гэта ў горадзе дзяцей адных не адпусціш гуляць. Сельскі ўклад жыцця нам даспадобы. Выходзіш на вуліцу і вочы не ўпіраюцца ў сцены ці машыны, якія-небудзь іншыя перашкоды — абсалютна адкрытая прастора да самага гарызонта.
Мы з мужам самі выхоўваліся ў шматдзетных сем’ях, дзе сувязь паміж бацькамі і дзецьмі была вельмі моцнай. Таму для кожнага з нас сям’я — гэта месца, куды вядуць усе жыццёвыя дарогі, найбольшае шчасце, якое чалавек можа стварыць сам. Усе святы стараемся праводзіць разам, і нам гэта падабаецца. Стараемся часцей выбірацца на прыроду, разам адпачываць. Гэта выдатны спосаб адарвацца ад штодзённых праблем, пабыць адзін дзень без гаджэтаў і правесці час на свежым паветры, умацаваць сямейныя сувязі. Такія моманты застаюцца ў памяці надоўга не толькі ў дзяцей, але і ў дарослых. Хоць у нас таксама, як і ва ўсіх сем’ях, не на ўсё хапае часу, але яго трэба знаходзіць для сваіх родных. Быць маці траіх дзяцей, вядома ж, няпроста. І ў мяне не адразу ўсё атрымлівалася. Паступова я навучылася дакладна расстаўляць прыярытэты і правільна размяркоўваць хатнія абавязкі. Так ідля сябе час знаходзіцца і для кожнага члена нашай дастаткова вялікай сям’і. З самага дзяцінства мы, бацькі, вучым сваіх дзяцей самастойнасці, уменню арганізаваць час, ставіць мэты і працаваць эфектыўна. А дзеці, дзякуючы сваёй непасрэднасці, вучаць нас быць шчаслівымі.
Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота Алены Ананіч.



