Сёлета сельгаспрадпрыемствы раёна значна абнавілі машынна-трактарны парк. Новыя трактары, зерне-і кормаўборачныя камбайны набыло большасць гаспадарак.
У КУВСП імя Маркава паступілі шыроказахопныя культыватар і сеялка, зернеўборачны камбайн. А зусім нядаўна ў гаспадарку даставілі з Мінскага трактарнага завода сучасны энерганасычаны трактар «Беларус» МТЗ-3522. Кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства даручыла кіраванне тэхнікай вопытнаму механізатару Канстанціну Руткоўскаму.
— Нашай гаспадарцы даўно патрабаваўся новы энерганасычаны трактар, — кажа дырэктар КУВСП імя Маркава Юрый Жынгель. — Сучасная тэхніка будзе задзейнічана на асноўных відах работ: узворванні, падрыхтоўцы глебы і сяўбе. Вясной плануем выезд трактара ў поле ў счэпе з новай шыроказахопнай сеялкай айчыннай вытворчасці «Бярэзіна», якая здольна пры спрыяльных умовах за дзень засяваць плошчу да 100 гектараў.
— 16 год я адпрацаваў на трактары «Беларус» МТЗ-3022, — кажа механізатар Канстанцін Руткоўскі. — Выконваў розныя віды сельскагаспадарчых работ. Да тэхнікі прыкіпеў душой яшчэ з дзяцінства, з радасцю ўспрыняў рашэнне адміністрацыі гаспадаркі па даручэнні кіравання новым трактарам. Ужо на дадзены момант займаюся ўздымам зябліва, лічу, што такая магутная тэхніка не павінна прастойваць.
Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, новы трактар аналагічнай мадэлі набылі для ААТ «Агратэхсэрвіс». Ключы ад тэхнікі ўручылі механізатару Івану Мацясу.
Сяргей РАЙЧОНАК.

