Жыхарка аграгарадка Васюкі Валянціна Рымдзёнак адзначыла свой 101-ы дзень нараджэння

2026— Год белорусской женщины Общество

Кожны сталы чалавек, калі азіраецца на пройдзены жыццёвы шлях, галоўным багаццем лічыць дзяцей, унукаў, праўнукаў.

Родныя людзі з’яўляюцца найвялікшай каштоўнасцю і для жыхаркі аграгарадка Васюкі Валянціны Рымдзёнак. У пачатку студзеня жанчына адзначыла свой 101-ы дзень нараджэння.

— Гады праляцелі нібы знічка на цёмным небасхіле, — расказвае Валянціна. — Дзіцячая памяць захавала ўспаміны пра гаротнае дзяцінства, матэрыяльную нястачу. У тыя часы кожны выжываў як мог. Юнацтва было абпаленае вайной, якая закранула ўсе сем’і нашай мясцовасці. Грамаце вучыцца не хапала часу, трэба было працаваць. Перад вайной змагла скончыць толькі два класы польскай школы.

У канцы 1940-х гадоў пачалі арганізоўвацца калгасы. Валянціна разам з сяброўкамі ўступіла ў сельгасарцель «Шлях Леніна». Не маючы адукацыі, пайшлі працаваць у паляводства. Уручную сеялі, палолі, жалі зерневыя культуры, выконвалі іншую работу.

— Аднойчы сяброўкі параілі перайсці ў жывёлагадоўлю, маўляў, там большыя заробкі, — працягвае размову Валянціна. — Але і ў гэтай галіне грошы таксама трэба было зарабляць з ручной працы. Некалькі дзесяцігоддзяў, да выхаду на заслужаны адпачынак, з’яўлялася даяркай, неаднаразова выходзіла ў перадавікі.

З мужам Пятром яны пабудавалі ўласны дом, выхавалі сына Віктара, дачку Святлану, дачакаліся ўнукаў. У такім паважаным узросце Валянціна Рымдзёнак атулена ўвагай і клопатам блізкіх ёй людзей.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.