Адукацыя — прыярытэтны накірунак

Общество

Шаркаўчане, якія прадстаўлялі наш рэгіён на другім пасяджэнні VII Усебеларускага народнага сходу, праводзяць сустрэчы ў працоўных калектывах.

Дырэктар сярэдняй школы № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Ядвіга Балай сустрэлася з калектывамі раёна электрычных сетак, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і навучальнай установы, якую ўзначальвае.

— Вядома, што на Усебеларускім народным сходзе абмяркоўваюцца і прымаюцца лёсавызначальныя для краіны дакументы, — адзначыла Ядвіга Балай. — У Пасланні да беларускага народа і ўрада Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка падняў актуальныя і знакавыя пытанні. Трэба вырашаць задачу па спыненні адтоку людзей з рэгіёнаў, разгрузіць сталіцу і абласныя цэнтры, калі мы жадаем зберагчы вёску і замацаваць яе статус.

Стратэгічныя накірункі, выбраныя для захавання тэмпаў эканамічнага росту і развіцця сацыяльнай сферы, меры па ўмацаванні дзяржаўнай бяспекі — усё гэта нас не можа не хваляваць.

Хачу адзначыць, што асноўныя накірункі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2026 — 2030 гады знайшлі жывы водгук у беларускім грамадстве.

У праграме ў ліку прыярытэтных накірункаў — адукацыя. Дадзеная сфера адна з важнейшых у любым грамадстве. Прэзідэнт Беларусі ўдзяляе гэтаму вялікую ўвагу. Ва ўмовах, калі жыццё хутка мяняецца, важна не толькі паспяваць, але і працаваць на апярэджанне, а таксама абапірацца на свой патэнцыял.

Вялікая роля надаецца павышэнню ўзроўню практыкаарыентаванасці навучання, ахопу вучнёўскай моладзі мерапрыемствамі па папулярызацыі прафесій працоўных і служачых, падрыхтоўцы неабходных рэальнаму сектару эканомікі спецыялістаў. Прафесійная адукацыя сёння павінна развівацца з улікам перспектыўнасці прафесій і кампетэнцый, адпавядаць бягучым запытам рынку працы і патрэбам эканомікі.

Адзін з раздзелаў новай праграмы прысвечаны рэгіянальнай палітыцы. У папярэднія пяць гадоў было шмат зроблена для развіцця сацыяльнай сферы ў кожным рэгіёне. Кіраўнік дзяржавы засяродзіў увагу на падтрымцы малых рэгіёнаў і ў новай пяцігодцы.

Сяргей РАЙЧОНАК