Пакуль шаркаўчане радуюцца студзеньскаму снегу, работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі штодзённа займаюцца яго ўборкай.
Белы дыван і цяпер пакрывае зямлю, мінусавыя тэмпературы адзначаюцца па ўсёй краіне. У такія дні не да адпачынку камунальным службам. І ў будні, і ў святы на аўтатрасах, вуліцах, прыдамавых тэрыторыях працуюць тэхніка і рабочыя дарожных арганізацый, камунгаса.
— Штодзённа на лініі задзейнічаны чатыры адзінкі трактароў «Беларус» з адваламі для расчысткі вуліц і тратуараў, — тлумачыць дырэктар УКП ЖКГ Аляксей Клакоўскі. — Займаемся падсыпкай праезных частак пясчана-салянай сумессю. Як і ў мінулыя зімы, працуе тэхніка на вывазе снегу: пагрузчык, трактары з прычэпамі, грузавы аўтамабіль.
Хочацца звярнуцца да аўтааматараў з просьбай не перашкаджаць працэсу ўборкі снегу, не пакідаць свае аўтамабілі, дзе працуе спецтэхніка і людзі. Зробім разам наш гарадскі пасёлак чыстым і бяспечным для руху.
Сяргей РАЙЧОНАК

