Нягледзячы, што за вокнамі снежныя суметы і мароз, у сярэдняй школе № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Кудрына цёпла і сонечна.
Дваццаць яркіх дзіцячых усмешак сагравалі адно аднаго ў выхаваўча-аздараўленчым лагеры «Сонейка», які быў адкрыты для вучняў малодшых і сярэдніх класаў у час зімовых канікулаў. Музыка, песні, гарэзлівы смех напаўнялі школьныя калідоры.
— Наш лагер працаваў толькі пяць дзён, але кожны з іх быў насычаны цікавымі заняткамі па інтарэсах і мерапрыемствамі, — кажа начальнік лагера Эма Хрол. — Дзесяць педагогаў навучальнай установы займаліся з дзецьмі музыкай, фізкультурай, выяўленчым і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, шмат цікавага яны даведаліся на экалагічных занятках. У канцы кожнага дня найбольш актыўныя вучні атрымлівалі прызы. А яшчэ повары, работнікі сталовай гатавалі для дзяцей смачныя стравы. Хлопчыкі і дзяўчынкі выявілі жаданне на наступных канікулах зноў прыйсці ў «Сонейка», бо тут цёпла, утульна і весела.
Сяргей РАЙЧОНАК

