Сям’я Васілевіч з аграгарадка Германавічы — героі праекта «Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль»

Общество

Для кагосьці пяцёра дзяцей — гэта складанае выпрабаванне, а для Наталлі Васілевіч з аграгарадка Германавічы— здзейсненная мара. Сама яна расла адзіным дзіцяці ў бацькоў, таму заўсёды хацела, каб яе ўласны дом быў напоўнены рознымі галасамі і дзіцячым смехам. Сёння гэтая мара стала рэальнасцю.

Поспехі старэйшых — гонар маці

У сучасным грамадстве стаўленне да бацькоўства імкліва змяняецца. Для многіх выхаванне дзяцей перастала быць проста сямейным абавязкам, ператварыўшыся ў сапраўднае жыццёвае прызначэнне. Гэта справа, якая патрабуе больш крэатыву, бязмежнага цярпення і душэўных інвестыцый, чым любы самы паспяховы бізнес-стартап. Як і многія мамы, гэта добра ведае  Наталля Васілевіч. Яна цвёрда ўпэўнена ў тым, што  дзеці — яе лепшы праект у жыцці і самая галоўная каштоўнасць.

Яе старэйшаму сыну Кірылу зараз 23 гады. Малады чалавек не проста атрымаў вышэйшую адукацыю, а скончыў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт з чырвоным дыпломам. Спецыяльнасць выбраў сур’ёзную і запатрабаваную — «камп’ютарная бяспека, матэматычныя метады і сістэмы». Пасля вучобы Кірыл, як і належыць сапраўднаму мужчыне, прайшоў службу ў арміі. Сёння ён жыве ў Полацку і будуе кар’еру праграміста ў кампаніі «Белтэлекам».

Сыну Дзянісу 3 лютага споўніцца 18 год. У мінулым годзе юнак стаў навучэнцам Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа, абраў для сябе спецыяльнасць «Ліквідацыя і прадухіленне надзвычайных сітуацый». У вольны час Дзяніс захапляецца спортам, асабліва валейболам. Падчас вучобы ў Германавіцкай сярэдняй школе ўваходзіў у склад зборнай раёна па гэтаму віду спорта. А дома ён найлепшы памочнік для сваёй маці: і па гаспадарцы дапаможа, і за малодшымі прыгледзіць, многае ўмее рабіць сам.

Старэйшая дачка ў сям’і, васьмікласніца Германавіцкай сярэдняй школы Ангеліна, — сапраўдны прыклад таго, як можна паспяхова сумяшчаць вучобу і творчасць. Спіс яе захапленняў уражвае: дзяўчына асвойвае ігру на фартэпіяна ў музычнай школе, любіць маляваць і валодае цудоўным голасам. Ангеліна — пастаянная ўдзельніца мастацкіх і вакальных конкурсаў, дзе годна прадстаўляе сваю ўстанову адукацыі. Высокія поспехі ў вучобе і актыўная грамадская пазіцыя не засталіся незаўважанымі: у мінулым годзе дзяўчына атрымала ганаровае запрашэнне на Галоўную елку краіны з удзелам Прэзідэнта.

Малодшыя — нястомны рухавік сям’і

Малодшыя ў сям’і — пяцігадовы Мацвей і трохгадовая Даша — абаяльныя, усмешлівыя і дапытлівыя дзеці. Як і ўсе малышы, яны вельмі любяць увагу і актыўныя гульні. Сабраць што-небудзь з канструктара, летам пакорпацца ў пясочніцы, зімой пагуляць у снежкі таксама ўваходзіць у кола іх захапленняў. Калі старэйшая Ангеліна — гэта гонар і творчы спакой сям’і, то малодшыя дзеці — яе нястомны рухавік, які напаўняе дом звонкім шумам і шчырай радасцю.

Мацвей і Даша — абсалютна розныя, але менавіта ў гэтым крыецца сакрэт іх моцнай дружбы. Мацвей расце вельмі добрым і разважлівым хлопчыкам, які любіць цішыню і спакой. Яго сястра Даша, наадварот, — сапраўдны «віхур»: шумная, гарэзлівая і няўрымслівая. Яны нібы два палюсы, якія дапаўняюць адзін аднаго, ствараючы ў доме непаўторную атмасферу еднасці.

Адказнасць, клопат і ўзаемадапамога

Чатыры гады таму сям’я Васілевіч пераехала з Вялікага Сяла ў аграгарадок Германавічы, дзе дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы,  за сродкі мацярынскага капітала, быў куплены дом. Сёння гаспадыня дома, Наталля, — чалавек, якога добра ведаюць і чакаюць у многіх навакольных вёсках. Працуючы сацыяльным работнікам, яна дорыць клопат і ўвагу тым, каму гэта найбольш патрэбна. Пад яе апекай знаходзяцца 10 пажылых жыхароў не толькі з Германавіч, але і з вёсак Прамяны, Юзафова, Мікіцёнкі, Сталіца. Для сваіх падапечных Наталля — не проста памочніца, а сувязное звяно са светам, чалавек, які заўсёды прыедзе і дапаможа.

На падворку ў Васілевічаў ладная гаспадарка: ёсць карова, куры, участак зямлі ў 30 сотак, які патрабуе руплівых рук. Пасля разводу з мужам усе клопаты пра дом і дзяцей цалкам ляглі на плечы Наталлі, але яна не прывыкла скардзіцца на лёс.

— І хоць мой будзільнік кожны дзень звініць раней, чым хацелася б, іншага жыцця сабе не ўяўляю, — прызнаецца жанчына. — Усім бацькам жадаю шмат цярпення ў выхаванні сваіх дзяцей. Безумоўна, я вельмі хачу, каб у маіх дзяцей жыццё было больш лёгкім, чым маё, каб у іх было менш праблем і штодзённых клопатаў. У любой сям’і зачастую бывае няпроста. Не заўсёды хапае фінансавых сродкаў і часу на тое, каб ажыццявіць усё задуманае. Жыццё не складаецца з адных белых палос. І ўсё ж я вельмі рада, што мае дзеці ёсць адзін у аднаго. Родныя — гэта галоўнае, што ёсць у кожнага з нас. Гэта апора, тыл, падтрымка, узаемаразуменне. Асабіста мне сумяшчаць працу сацыяльнага работніка, выхаванне пяцярых дзяцей і ўсю хатнюю работу па дому  было б амаль немагчыма, каб не надзейны тыл. Сапраўднай апорай для мяне з’яўляецца мой тата Уладзімір Тоўсцік. Ён пражывае з намі ў адным доме, акружае ўнукаў бязмежнай любоўю, і я заўсёды магу разлічваць на яго падтрымку.

Важна яшчэ і тое, што ў шматдзетных сем’ях дзецям не бывае сумна. Заўсёды хтосьці побач, каб падтрымаць, абняць, дапамагчы. Мае хлопчыкі і дзяўчынкі, нягледзячы на такую вялікую розніцу ва ўзросце, умеюць дамаўляцца, імкнуцца ўлічваць інтарэсы адзін аднаго. Не бывае ў нас праблем і з размеркаваннем часу. Шматдзетныя сем’і лепш спраўляюцца з гэтым, бо жыццё дыктуе ўсталяванне агульных для ўсіх правіл і рэжыму. Так кожны дзень  становіцца больш арганізаваным. І незалежна ад таго, працуем мы ці адпачываем, мы ўсё робім разам.

Сёлета, калі асаблівая ўвага ў краіне надаецца ролі жанчыны ў грамадстве, гісторыя нашай зямлячкі заграгарадка Германавічы Наталлі Васілевіч становіцца яскравым прыкладам таго, як на жаночых плячах трымаецца дабрабыт сям’і і будучыня краіны.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара і з сямейнага архіву.