У кожнага свой выбар

Общество Служба 101

Сярод выратавальнікаў-пажарных усё часцей сустракаюцца жанчыны. Многія дзяўчаты цікавяцца гэтай прафесіяй яшчэ ў школе.

— Прафесія выратавальніка-пажарнага з’яўляецца мужчынскай, але на некаторых факультэтах універсітэта грамадзянскай абароны вучацца і дзяўчаты, — сказаў намеснік начальніка Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Граковіч, які разам з інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Крысцінай Абрамчык правялі ў дзіцячай бібліятэцы профарыентацыйнае мерапрыемства для вучняў 7 класа СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына.

Вучні пазнаёміліся з гісторыяй стварэння ў Шаркаўшчыне пажарнай часці і прафесійным шляхам вартаўнікоў агнявога фронту, якія праз гады пранеслі вернасць сваёй небяспечнай і важнай справе.

Крысціна Абрамчык прадэманстравала сямікласнікам відэафільм, дзе падрабязна расказваецца пра адну з навучальных устаноў краіны, якая рыхтуе будучых выратавальнікаў-пажарных. Гэта спецыялізаваны ліцэй універсітэта грамадзянскай абароны МНС РБ. Пасля праходжання ўступных іспытаў і праверкі стану здароўя там можна вучыцца, маючы за плячамі 7 класаў агульнаадукацыйнай школы. Кінастужка зацікавіла шаркаўшчынскіх вучняў, магчыма, хтосьці з іх у будучым стане вогняборцам, час пакажа.

Мерапрыемства дапамагла арганізаваць бібліятэкар Людміла Казіцкая. Яна правяла для вучняў віктарыны з мноствам цікавых пытанняў, за правільныя адказы на якія юнакі і дзяўчаты атрымалі невялікія памятныя сувеніры.

Сяргей РАЙЧОНАК