З пяшчотай і ласкай да жывелы

Общество

Добрых паказчыкаў у рабоце дасягаюць жывёлаводы малочнатаварнай фермы «Германавічы» ААТ «Княж».

Сярод перадавых работнікаў вылучаецца аператар машыннага даення Ірына Андзілеўка. Яна працуе ў жывёлагадоўлі больш за дваццаць гадоў.

Жанчына не шукала лепшай долі ў горадзе, а вырашыла застацца жыць і працаваць на малой радзіме. Ірына спачатку была даяркай, потым узначальвала калектыў жывёлаводаў на фермах вёсак Жукі Горныя і Жукі Ложныя. Пакрысе колькасць працуючых на аб’ектах работнікаў змяншалася. Калі фермы закрылі, жанчына пайшла працаваць аператарам машыннага даення на цэнтральную МТФ сельгаспрадпрыемства, аб чым ніколі не пашкадавала.

З году ў год Ірына дасягае высокіх вытворчых паказчыкаў не толькі ў сваёй гаспадарцы, але і на раённым узроўні. Гурт яе кароў налічвае 53 галавы. Валавы надой малака за снежань склаў амаль 31 тону. У сярэднім ад адной рагулі за месяц атрымана 583 кілаграмы гэтага каштоўнага прадукту.

Перадавы аператар машыннага даення за сваю добрасумленную працу неаднаразова прэміравалася на раённым і абласным узроўнях. Па выніках 2023 года Ірыне Андзілеўка прысвоена ганаровае званне «Чалавек года Віцебшчыны».

— Сакрэт поспеху ў рабоце залежыць ад адносін чалавека да справы, якой займаешся, — упэўнена Ірына. — Я вельмі люблю жывёлу, з дабрынёй і пяшчотай даглядаю, бо не толькі людзі любяць добрае слова.

Сяргей РАЙЧОНАК