Аператар машыннага даення МТФ «Жвіранка» сельгаспрадпрыемства з аднайменнай назвай Ірына Сіповіч па выніках раённага спаборніцтва за снежань заняла другое месца.
Важным фактарам ў забеспячэнні высокіх надояў малака з’яўляюцца сумленныя адносіны работнікаў жывёлагадоўчых ферм да даручанага ўчастка работы. Ірына шмат гадоў працуе на гэтай МТФ. Яшчэ ў маладосці яна ўдзельнічала ў раённых спаборніцтвах сярод аператараў машыннага даення «Лепшы па прафесіі» і займала прызавыя месцы. Стараннасць і працавітасць, закладзеныя бацькамі яшчэ ў дзяцінстве, прыносяць свой плён у дарослым жыцці.
На старонках раённай газеты мы неаднаразова расказвалі пра гэту жанчыну і яе працоўныя перамогі. У чарговы раз Ірына заняла другое месца ў раённым спаборніцтве за снежань, крыху саступіўшы па атрыманых кілаграмах малака аператару машыннага даення з МТФ «Германавічы» ААТ «Княж» Ірыне Андзілеўка. У гурце кароў, за якім даглядае жанчына, налічваецца 29 рагуль. Валавы надой склаў 15 тон 300 кілаграмаў малака. У сярэднім ад адной каровы атрымана 529 кілаграмаў гэтага каштоўнага прадукту харчавання.
— На дадзенай малочнатаварнай ферме акрамя Ірыны Сіповіч аператарамі машыннага даення працуюць Алена Маслякова, Святлана Матрунёнак, Марына Пракопій і Кацярына Касцюкевіч, — кажа галоўны заатэхнік гаспадаркі Ірына Катовіч. — калектыў даярак зладжаны і працавіты, у якім існуе падтрымка і ўзаемавыручка. Па сельгаспрадпрыемстве сярэдні надой ад каровы складае каля шасці кілаграмаў малака ў суткі. На МТФ «Жвіранка» атрымліваюць амаль адзінаццаць кілаграмаў. Розніца відавочная.
— Для кожнага аператара машыннага даення важна не толькі колькасць, але і якасць атрыманага малака, — упэўнена Ірына. — Гэтыя паказчыкі павінны быць на адным узроўні. А яшчэ жывёлу трэба разумець, любіць, з пяшчотай і дабрынёй адносіцца да яе.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
