Да гэтага выразу трэба яшчэ дадаць — старанныя адносіны да працы. І ўсё гэта пра жывёлаводаў малочнатаварнай фермы «Жвіранка» сельгаспрадпрыемства з аднайменнай назвай.
У мінулым нумары раённай газеты мы расказалі чытачам пра аператара машыннага даення з дадзенай МТФ
Ірыну Сіповіч і яе працоўныя поспехі. Высокіх вытворчых паказчыкаў дасягае і яе калега, аператар па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы Раіса Більдзюга.
— З дзяцінства люблю жывёлу, — кажа жанчына, — больш за дваццаць гадоў працую на гэтай ферме. Стараюся, каб цяляты, мае гадаванцы, заўсёды былі накормленыя і напоеныя, адпачывалі на чыстай і цёплай падсцілцы.
— У гурце, за якім даглядае Раіса, налічваецца 82 галавы цялят ва ўзросце ад аднаго месяца да шасці, — тлумачыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Ірына Катовіч. — Яна займае лідзіруючыя пазіцыі па сярэднясутачных прывагах жывёлы не толькі ў нашым сельгаспрадпрыемстве, але і ў раёне.
Як кажа сама Раіса, гэта яшчэ не канчатковы рубеж, бо ў наяўнасці разнастайныя кармы, якія ўваходзяць у рацыён. Сярод іх адзін з асноўных — камбікорм. Таму і атрымліваецца, што якасны і паўнацэнны корм у спалучэнні з сумленнай працай жывёлавода даюць высокія станоўчыя вынікі.
Канец студзеня і пачатак лютага для жывёлаводаў не толькі ААТ «Жвіранка», але і ўсяго раёна выдаўся надзвычай халодным. Мінусавыя тэмпературы падштурхнулі вяскоўцаў звярнуць больш пільную ўвагу на ўтрыманне буйной рагатай жывёлы. У памяшканнях належным чынам праведзена ўцяпленне аконных і дзвярных праёмаў. Для дадатковага кармлення пастаўляюцца камбінаваныя кармы з Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

