КУВСП імя Маркава кожны дзень плюсуюць па колькасці атрыманага малака

Сельское хозяйство

На двары — пачатак лютага. На жывёлагадоўчых фермах яшчэ не пачаліся масавыя ацёлы кароў, але ў КУВСП імя Маркава кожны дзень плюсуюць па колькасці атрыманага малака ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025 года.

У мінулым годзе для зімова-стойлавага перыяду ў дастатковай колькасці тут нарыхтавалі кармоў: сена, сенажу і сіласу, заўсёды ў наяўнасці канцэнтраты. Іх дадаткова дастаўляюць з Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. Павелічэнне рацыёну станоўча спрыяе на жывёлу — растуць яе прывагі, надоі, а багаты кармавы стол засцерагае ад халадоў, якія цяпер назіраюцца.

— На малочнатаварнай ферме «Рассвет» утрымліваецца 200 галоў дойнага статку, — тлумачыць галоўны заатэхнік гаспадаркі Людміла Сіпко. — Тут працуюць тры асноўныя аператары машыннага даення і адзін падменны. Валавы надой малака за суткі складае прыкладна 2500 кілаграмаў. У сярэднім ад адной каровы атрымліваюць каля 12 кілаграмаў гэтага каштоўнага прадукту харчавання. Рэалізуем яго на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам «экстра». Чым лепшае малако, тым больш грошай атрымае ферма, таму даяркі стараюцца працаваць якасна, каб больш зарабіць.

І яшчэ адна акалічнасць уплывае на павелічэнне вытворчых паказчыкаў. Кожны работнік малочнатаварнай фермы выконвае не толькі свой аб’ём работы, але яшчэ прыходзіць на дапамогу іншым: разам займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторыі, ачышчаюць памяшканні, займаюцца іх дадатковым уцяпленнем. У гэтым і заключаецца формула поспеху маркаўскіх жывёлаводаў.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.