Спадчына продкаў у аб’ектыве часу

Общество

«Спадчына продкаў у аб’ектыве часу» — новы сумесны праект рэдакцыі газеты «Кліч Радзімы» і ўстановы культуры «Мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча». На старонках газеты мы раскрыем малавядомыя факты мінулага і зробім гісторыю роднага краю жывой, зразумелай і цікавай для кожнага.

Гісторыя маёнтка, які змяніў лёс Германавіч

Германавічы — маляўнічы аграгарадок у Шаркаўшчынскім раёне, чыя гісторыя сыходзіць каранямі ў XVI стагоддзе. Упершыню згаданае ў 1563 годзе як Ерманавічы, гэтае мястэчка на мяжы Вялікага Княства Літоўскага і Полацкага ваяводства сёння стала важным пунктам на карце культурнага турызму Беларусі.

Галоўнай жамчужынай і архітэктурнай дамінантай пасёлка па праве лічыцца сядзіба Шырыных, узведзеная ў 1782 годзе. Гэты велічны помнік архітэктуры класіцызму — рэдкі прыклад шляхецкай рэзідэнцыі, якая захавалася ў такім добрым стане. Сёння старадаўнія сцены сядзібнага дома працягваюць служыць людзям: у былым палацы размясціліся мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча і Дом ганчара. Дзякуючы гэтаму кожны наведвальнік можа не толькі ацаніць веліч фасадаў, але і зазірнуць унутр, каб літаральна дакрануцца да жывой гісторыі роднага краю.

Ад Харватыі да Германавіч

  • Прозвішча Шырыных для Шаркаўшчынскага краю — не проста надпіс у архіўных дакументах, а, можна сказаць, брэнд, — расказала навуковы супрацоўнік установы культуры «Мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча» Іна Пучынская. — Але ці ведалі вы, што карані гэтага шляхецкага роду вядуць зусім не ў беларускія глыбіні, а на сонечнае ўзбярэжжа Адрыятыкі?

Гісторыя пачынаецца яшчэ ў XV стагоддзі ў Харватыі, дзе продкі будучых гаспадароў Германавіч насілі звонкае прозвішча Зрыні. Пазней лёс закінуў іх у Венгрыю, дзе ў 1518 годзе нарадзіўся Мікалай Зрыні. Менавіта яго сыны падзялілі род на дзве магутныя галіны: венгерскую і нашу — беларускую.

Старэйшы сын Даніла стаў тым самым першапраходцам, які звязаў лёс Зрыні з землямі Рэчы Паспалітай. З часам, каб лепш упісацца ў мясцовы каларыт, яго прапраўнук Ян-Юрый вырашыў дадаць да экзатычнага прозвішча больш звыклае для тутэйшага вуха — Шырын. Так на свет з’явіліся Зрыні-Шырыны.

Але як жа яны апынуліся менавіта ў Германавічах? Тут у гульню ўступае выпадак і ўплывовыя заступнікі. Сын Яна-Юрыя, Ігнат Шырын, выхоўваўся ў сям’і багатага магната Юзэфа Гільзена. Менавіта Гільзены ў 1739 годзе выкупілі Германавіцкія землі ў саміх Сапегаў. Хто б мог падумаць, што выхаванец Гільзенаў не проста працягне іх справу, а пакіне пасля сябе велічны палац, якім мы любуемся і сёння.

Ігнат Шырын аказаўся здольным вучнем: атрымаўшы ад Юзэфа Гільзена бліскучую адукацыю і выхаванне, ён хутка ператварыўся ў паспяховага і заможнага гаспадара. Ужо ў 1782 годзе Ігнат выкупляе ў свайго настаўніка так званы «Германавіцкі ключ». У яго склад уваходзілі само мястэчка, фальваркі Падоршчына, Белы Двор, Прамяны і Мар’янполле.

Цэнтрам сваёй новай латыфундыі Шырын абраў маляўнічы бераг ракі Дзісна. Так у Германавічах  пачалося будаўніцтва палаца, які і сёння захапляе сваёй строгай класічнай прыгажосцю.

Веліч у дэталях

Архітэктурны партрэт: палац уяўляе сабой двухпавярховы прамавугольны будынак, галоўным упрыгожваннем якога сталі восем насценных тасканскіх калон на другім паверсе. Яны надаюць фасаду асаблівую стройнасць і ўрачыстасць.

Рэха мінулага: цікава, што першапачаткова палац выглядаў крыху інакш. Да нашых дзён не захаваўся балкон на першым паверсе — утульная пляцоўка, што злучала ўнутраныя пакоі з вонкавай прасторай.

Класічныя акцэнты: у пачатку XIX стагоддзя галоўныя ўваходы з боку дарогі былі аздоблены порцікамі з трохвугольнымі франтонамі. Гэтыя элементы захаваліся і сёння.

Унутраная прастора палаца была арганізавана па прынцыпе «высакароднай прастаты». На першым паверсе віравала паўсядзённае жыццё — тут размяшчаліся 10 утульных жылых пакояў. Другі паверх быў адведзены для прыёмаў і святаў: гасцей сустракалі дзве прасторныя залы, сталовая і «стары вялікі салон», сцены якога памятаюць шматлікія шляхецкія сустрэчы.

За парадкам у гэтым велічным доме сачылі ўсяго тры служанкі. Акрамя іх пры двары знаходзіліся кучар, фарыс (памочнік кучара), кухар і, канечне, садоўнік, які клапаціўся пра прыгажосць сядзібнага парку.

Жыццёвы шлях Ігната Шырына стаў гісторыяй поспеху: пачынаючы як выхаванец мецэната, ён здолеў не толькі пабудаваць выдатны архітэктурны помнік, але і пакінуць сваім чатыром сынам каласальную спадчыну вартасцю ў некалькі мільёнаў злотых. Сёння палац у Германавічах — жывы напамін пра тыя часы, калі мары аднаго чалавека ператвараліся ў веліч цэлага рэгіёна.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ