Стужка памяці: дарогамі Афганскай вайны разам з іншымі землякамі прайшоў Юрый Аляхновіч

Новости Витебщины Патрыятычнае выхаванне

Больш за шэсцьдзясят юнакоў-шаркаўчан прайшлі дарогамі неб’яўленай афганскай вайны. Сярод іх і сяржант, старшы вадзіцель Юрый Аляхновіч.

— Ва Узброеныя Сілы Савецкага Саюза я быў прызваны ў кастрычніку 1987 года, — успамінае мужчына. — Перад гэтым паспеў атрымаць вадзіцельскае пасведчанне. У ваенным білеце стаяла паметка «каманда 20А». Ніхто не ведаў, што гэта азначае, але літара «А» выклікала нейкую насцярожанасць.

Мая тэрміноўка пачалася ў самай паўднёвай кропцы СССР — туркменскім горадзе Кушка. Пасля пяці месяцаў праходжання вучэбкі стала зразумела, што нас, навабранцаў, рыхтуюць да ваенных дзеянняў у Афганістане. Пра гэта і сведчыла паметка «каманда 20А».

Красавіцкім ранкам 1988 года нас накіравалі цягніком у горад Тэрмез, а адтуль на ваенна-транспартным самалёце ў Афганістан. З трапа самалёта мы праходзілі па спецыяльным калідоры, за агароджай якога стаялі салдаты, менавіта іх мы і павінны былі змяніць.

Служба на чужыне праходзіла на артылерыйскай заставе, што ахоўвала аэрадром горада Кундуз. За мной замацавалі грузавы аўтамабіль «Урал-4320». Першы выбух гарматы, гул, слупы пылу, першыя страты нашых салдат — усё гэта засталося ў памяці, нібы сюжэт дакументальнай кінастужкі і сёння стаіць перад вачамі, нягледзячы на прайшоўшыя дзесяцігоддзі.

У сярэдзіне жніўня 1988 года паступіў загад аб вяртанні нашага палка ў СССР. На тэхніцы калонай рушылі ў 500-кіламетровы марш праз горныя серпанціны. Каб у аб’ектывах тэлекамер усё выглядала буздакорна, перад мастом, які раздзяляў Афганістан і Савецкі Саюз, салдат пераапранулі ў новую форму — карцінка для сталічных навін павінна была быць ідэальнай. Яшчэ год, вярнуўшыся з вайны, мне давялося даслужыць у Ленінградскай ваеннай акрузе. Знаходжанне на радзіме не ішло ні ў якае параўнанне са службай у «гарачай кропцы» — навокал былі цішыня, мір і спакой.

Даўно ўжо няма СССР, салдаты якога выконвалі свой інтэрнацыянальны доўг. Але гэта частка іх лёсу. І ва ўсіх, хто вярнуўся дадому, на стужцы памяці запісаны фільм, у сюжэце якога няма ніякай рамантыкі і акцёраў. Адзін галоўны герой і адзін глядач — салдат тэрміновай службы, які складаў абмежаваны кантынгент савецкіх войск у Афганістане.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара і з сямейнага архіву Юрыя Аляхновіча.