40 год адпрацавала спецыялістам па забеспячэнні асноўнай дзейнасці пракуратуры раёна Вера Рабіза

Общество

Чатыры дзесяцігоддзі на службе ў закона праляцелі як адно імгненне. Гэта пра вядучага спецыяліста па забеспячэнні асноўнай дзейнасці пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна Веру Рабіза.

У маладосці яна не думала, што асноўная частка працоўнага жыцця будзе прысвечана органам пракуратуры. Пасля набыцця адукацыі ў Полацкім кааператыўным вучылішчы непрацяглы перыяд працавала ў сістэме райспажыўтаварыства, у райсельгастэхніцы. А калі з’явілася вакансія, перайшла ў пракуратуру.

— У самым пачатку было боязна пачынаць працу, — кажа жанчына, — бо на той час мне было толькі 23 гады. Але пракурор Зыгмунд Стацэвіч, які ўзначальваў пракуратуру, суцешваў мяне, маўляў нічога страшнага, пакрысе навучуся.

Увесь дакументаабарот пракуратуры раёна праходзіць праз канцылярыю, якой загадвае Вера Рабіза. Наменклатурныя справы знаходзяцца ў строгім парадку, як і архіў, над арганізацыяй і захаваннем якога спецыяліст працуе штодзённа. Варта сказаць, што ў яе ўзорны парадак, бо заплюшчанымі вачамі з лёгкасцю можа знайсці любы дакумент. Калегі ўдзячны ёй за адданасць любімай прафесіі, дзякуючы якой кожная справаздача, пастанова знаходзяцца на сваіх месцах, а гэта надзвычай важна ў такім ведамстве, як пракуратура.

Сама жанчына адзначае, што паспяваць на службе дапамагае падтрымка сям’і, якая з’яўляецца надзейным тылам і апорай. 26 гадоў поруч з ёй адпрацаваў вадзецелем пракуратуры муж Мікалай — чалавек, якога паважаюць у грамадстве. Муж і жонка дастойна выхавалі двух сыноў — Генадзя і Дзяніса. Старэйшы нясе службу Мінскім абласным упраўленні ўнутраных спраў, а малодшы набывае другую вышэйшую адукацыю ў Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, ён — кадравы ваенны.

40-годдзе нястомнай дзейнасці Веры Рабіза ў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна не магло застацца незаўважаным з боку кіраўніцтва раёна.

За шматгадовую добрасумленную працу ў сістэме органаў пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна, прафесіяналізм у вядзенні справаводства і архіўнай справы Ганаровую грамату за подпісам кіраўніка раёна Сяргея Кашмілы старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Арэшкаў ва ўрачыстай атмасферы ўручыў Веры Рабіза. Да віншаванняў далучыліся кіраўнік пракуратуры Шаркаўшчынскага раёна Максім Лаўданскі і калегі па службе Віцебскай абласной пракуратуры.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.