Яшчэ ў сярэдзіне мінулага тыдня кампанія па сяўбе ранніх зерневых і зернебабовых культур у раёне перайшла свой экватар, а на 24 красавіка быў пасеяны 4881 гектар або 64 працэнты ад запланаванага.
Палеткі ААТ «Даватарскі» геаграфічна размешчаны на вялікай адлегласці ад цэнтральнай сядзібы гаспадаркі. Спецыялісты агранамічнай і інжынернай служб рацыянальна падыходзяць да пытання выбару ўчасткаў палёў, якія трэба апрацаваць і засеяць у першую чаргу, каб дарэмна не пераганяць тэхніку з аднаго аддзялення ў другое.
У адзін з дзён з самага ранку працавалі на культывацыі глебы энерганасычаныя трактары «Кіравец-744», якімі ўпраўлялі Аляксандр Буйка і Раман Ліпскі на полі каля вёскі Курылавічы. Следам за імі рухаўся «Беларус-3522» у счэпе з сеялкай ААП-6Р з механізатарам Яўгенам Баговічам, а на ўскрайку поля стаяў зернезапраўшчык якім кіраваў Віктар Адамковіч. Аграрыі зацікаўлены ў тым, каб своечасова правесці пасяўную кампанію.
Смачныя, каларыйныя абеды і падвячоркі для працаўнікоў палёў штодзённа рыхтуюць у мясцовай сталовай повары Людміла Цітовіч і Яна Калашнік. Не менш за 15 чалавек трэба своечасова накарміць, каб кожны з іх быў задаволены прыгатаванымі стравамі і выказаў словы ўдзячнасці жанчынам. А гэта, як сцвярджае Яна, бывае заўсёды.
Кіпіць работа і на палетках ААТ «Буеўшчына». Каля вёскі Буда Дальняя 30-гектарны ўчастак апрацаванага поля засяваў страктарыст Ігар Грайчонак. Побач знаходзіўся і галоўны аграном гаспадаркі Віктар Атрашкевіч.
— Механізатары працуюць у полі ад цямна да цямна, — кажа тэхнолаг палёў. — Усе добра ўсведамляюць, наколькі важна своечасова правесці пасяўную кампанію. Надвор’е нам спрыяе, тэхніка не падводзіць, ёсць усе перадумовы, каб сяўбу скончыць у тэрмін.
З пазітыўным настроем працуюць і аграрыі КУВСП імя Маркава. Тон у пасяўной кампаніі задае энерганасычаная тэхніка за штурваламі якой знаходзяцца як вопытныя механізатары так і моладзь: Святаслаў Відун, Дзмітрый Качан, Канстанцін Руткоўскі, не адстае ад іх і Анатоль Курылёнак. Ён сёлета атрымаў у кіраванне новы трактар «Беларус-3522» і шыроказахопны культыватар.
— Нягледзячы на шматлікія цяжкасці, працуем зладжана, прыкладаем максімум намаганняў, каб своечасова завяршыць сяўбу, — кажа дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Жынгель. — Дзякуючы новай тэхніцы, якая сёлета паступіла ў гаспадарку, павялічылася эфектыўнасць апрацоўкі зямлі і яе тэмпы. Ужо прыступілі да сяўбы яравога рапсу і кукурузы, якая пойдзе на сілас.
Усе гаспадаркі раёна актыўна сеюць кукурузу. 5500 гектараў «царыцы палёў» будзе вырашчана на корм, а дадаткова 500 га — на зерне.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
