Сёлета раённы турзлёт праходзіў на новым месцы — на беразе ракі Мнюта каля вёскі Барсукі Лужкаўскага сельсавета. Ініцыятыва па змене месца форуму турыстаў належала старшыні райвыканкама Мікалаю Ірынархавічу Баговічу. Яго падтрымалі і шэраг працоўных калектываў. Работнікі УКП ЖКГ расчысцілі бераг ад хмызняку пад пляж. ААТ «Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс» вельмі выдатна папрацавала па пашырэнні берага ракі для пляжа і правядзення спаборніцтваў па водна-турысцкім шматбор’і. Лужкаўскае лясніцтва, КУВСП «Гарадзец», Шаркаўшчынская ПМК-68, УКП ЖКГ, ДБУ-26, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ДРБУ-131, райспажыўтаварыства, КАСЗ добраўпарадкавалі тэрыторыю лагера турыстаў альтанкамі, столікамі, лаўкамі, санвузламі, раздзявальнямі, кантэйнерамі для смецця і ўсім неабходным для вогнішча. Раённыя электрычныя сеткі змаглі наладзіць асвятленне месца правядзення дыскатэкі і працы гандлёвай кропкі. У выніку ў нас у раёне атрымалася новая выдатная зона адпачынку, якую цяпер з задавальненнем асвойвае насельніцтва з усіх ваколіц, выказваючы словы падзякі ўсім, хто стварыў такую прыгажосць.
Турзлёт жа традыцыйна пачаўся на плошчы Леніна ля будынка райвыканкама з прывітальнага слова старшыні райвыканкама Мікалая Ірынархавіча Баговіча, уздыму сцяга і гімна, калі ў знак павагі да роднай краіны ўдзельнікі злёту прыціснулі сваю правую далонь да сэрца. Затым адбыўся конкурс адзінай спартыўнай параднай формы, у якім практычна ўсе каманды былі адзначаны высокімі месцамі. А самыя высокія балы атрымалі: «БРСМ» (КУВСП “Гарадзец”, Лужкаўская СШ, Стральцоўская БШ) , «ШІК» (Шаркаўшчынскі райвыканкам), «SOS» (Шаркаўшчынская ЦРБ, РАНС), «САМАРОДАК» (ААТ “Агратэхсэрвіс”, Велікасельская ДС-СШ, Навасельскі СК), “МАКСІМУМ” (КУВСП імя Маркава, Радзюкоўская БШ, Шаркаўшчынская СШ №2), «ВЕНЦЯЛЁК» (УКП ЖКГ). Ярка і відовішчна глядзеўся і конкурс эмблем і дэвізаў. Лепшымі тут сталі дружыны: «ШІК», «SOS», «ВЕНЦЯЛЁК», «ВОЖЫК» (РАУС, ДБУ-26, Белаграпрамбанк, Беларусбанк).
Турзлёт быў прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На адкрыцці было сказана пра тое, што яго ўдзельнікі з’яўляюцца апошнім пакаленнем, якое бачыць у жывых ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, тых, хто падараваў нам мірнае неба над галавой. Прагучаў напамін пра тое, што фашысты хацелі знішчыць 75 працэнтаў насельніцтва Беларусі, а астатніх ператварыць у рабоў. Толькі ў нашым раёне гітлераўцы загубілі 2027 чалавек і спалілі 23 вёскі. Аддаючы даніну нашым дзядам і бацькам, салдатам Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалілі нас ад фашысцкага зняволення і знішчэння, удзельнікі злёту ўсклалі кветкі да абеліска.
Пасля чаго арганізаваная калона турыстаў накіравалася на бераг ракі Мнюта. Перш за ўсё нашы юнакі і дзяўчаты прывялі ў парадак свой турыстычны лагер, падрыхтавалі вогнішча «Дружбы» і добра папрацавалі на трудавым дэсанце па добраўпарадкаванні валейбольных пляцовак і пляжа. Па ўласнай ініцыятыве тут шчыравалі нават турысты з Пскова, хаця як гасцей злёту іх вызвалілі ад працоўнага дэсанта.
Такім чынам у ходзе злёту нашы турысты зрабілі добрую справу і ўнеслі свой ўклад, каб зрабіць родны край больш прыгожым.
Адкрыты турыстычны злёт Шаркаўшчынскага раёна-2014 уключаў у сябе конкурсную праграму і спартыўна-турыстычную. У гэтым нумары газеты мы зробім агляд конкурснай праграмы.
МАСТАЦКАЯ САМАДЗЕЙНАСЦЬ.
Першы светлавы дзень завяршыўся конкурсам мастацкай самадзейнасці. Выкарыстоўваючы свабодны жанр, каманды прадстаўлялі сваю візітную картку, прысвечаную Году гасціннасці, у якой павінна была быць прадстаўлена гісторыя, культура, традыцыі, гумар, рэклама, славутасці і гасціннасць жыхароў Шаркаўшчынскага краю. Лепш за ўсё гэта атрымалася ў каманды «ШІК» і нашых гасцей з Пскоўскага раёна. А лаўрэатамі дыпломаў 2 ступені сталі адразу 4 каманды: «ЁЛКІ-ПАЛКІ» (ААТ “Ельня-Агра, Зоркаўская СШ), «КНЯЖ» (ААТ “Княж”, Германавіцкая СШ), «ВОЖЫК», «SOS». Дыпламантамі 3 ступені сталі «МАКСІМУМ», «САЮЗ» (Шаркаўшчынская СШ № 1, ДБУ-131, Райгаз), «СМЯШАРЫКІ» (ААТ “Даватарскі”). Конкурс мастацкай самадзейнасці непрыкметна перайшоў на танцавальныя мелодыі дыскатэкі. І хоць ноччу пайшоў моцны дождж, хлопцы і дзяўчаты весяліліся да раніцы. У перапынках яны вярталіся ў палатачныя гарадкі, дзе іх чакалі смачныя шашлыкі, спечаная на вуглях бульба і цудоўныя песні пад гітару, затым зноў збіраліся на цэнтральнай паляне ля вогнішча «Дружбы» і, пасябраваўшы з дажджом, танцавалі зноў.
КОНКУРС ТУРЫСТЫЧНЫХ ЎМЕННЯЎ І БЫТУ.
У конкурсе турыстычных уменняў і быту судзейская камісія вывела ў лідары ўдзельнікаў турзлёту з каманд «ШІК», «SOS», «КАРСАРЫ»(райспажыўтаварыства, ПМС), «СТРОЙДОМ» (ПМК-68, Александроўскі дом-інтэрнат), ВОЖЫК «. У іх лепш за ўсіх былі вырашаны пытанні па выкананні санітарна-гігіенічных нормаў захоўвання і падрыхтоўкі ежы, па пажарнай і экалагічнай бяспецы. У спалучэнні з арыгінальнасцю афармлення лагера гэта і прынесла ім першыя месцы. Другім радком табеля аб рангах завалодалі тут дружыны «АЛІМПА» (Пскоўскі раён) і «КНЯЖ», трэцім «ЁЛКІ-ПАЛКІ», «СМЯШАРЫКІ», «ЮДЫЦЫНА» (ААТ “Юдыцына”, Лонская ДС-СШ), «ЗАВАДНЫЕ» (КАСЗ, РЭС), «ВЕНЦЯЛЁК».
КОНКУРСНАЯ АКЦЫЯ «МОЙ ТУРЫСТЫЧНЫ ЛАГЕР БЕЗ СМЕЦЦЯ, АЛКАГОЛЮ І ТЫТУНЁВАГА ДЫМУ»
Дэвіз акцыі: «Радавацца без алкаголю, марыць без наркотыкаў, мець зносіны без інтэрнэту, нервавацца без цыгарэт”. Наш турзлёт адрозніваўся ад другіх забаўляльных мерапрыемстваў тым, што правядзеннем акцыі «Мой турыстычны лагер без смецця, алкаголю і тытуневага дыму» мы змагаліся з распаўсюджанымі шкоднымі звычкамі. Прычым ў акцыі удзельнічалі не толькі тыя, хто прапагандаваў здаровы лад жыцця, ладзіў у яго падтрымку флэшмобы і ўпрыгожваў свой турыстычны лагер нагляднай агітацыяй на дадзеную тэматыку, але і тыя, хто думаў, што ў гэтай акцыі ўдзельнічаюць усе, толькі не ён. У такіх выпадках парушальнікі проста на месцы дзеяння добраахвотна згаджаліся на індывідуальныя флэшмобы па папраўцы свайго здароўя, робячы пад усеагульны смех, апладысменты і фотасесію відовішчныя спартыўныя адцісканні. А хтосьці ужо з раніцы падчышчаў тэрыторыю лагера ад смецця. Усё гэта таксама ацэньвалася ў ходзе акцыі.
Найлепшыя цікавыя і вясёлыя мерапрыемствы па ўмацаванні здаровага ладу жыцця арганізавалі «SOS», «ЁЛКІ-ПАЛКІ», «БРСМ», «ШІК», «АЛІМП», «КНЯЖ», «ВОЖЫК». Традыцыйна каманды наведвалі сваіх суседзяў, тэатралізавана абменьвалі цыгарэты на яблыкі і цукеркі, дарылі антынікацінавые пластыры. А яшчэ выдавалі такія цудоўныя фітнэс-паўзы па ходзе турзлёту, што станоўчыя эмоцыі ў іх удзельнікаў і гледачоў проста зашкальвалі. І ўсё гэта з песнямі, жартамі і звонкім смехам, які, як вядома, падаўжае жыццё. Культурны адпачынак з турысцкімі песнямі пад гітару ля вогнішча з печанай бульбай і шашлыкамі, шахматна-шашачные баталіі, рытуалы пасвячэння ў сапраўдныя турысты — ўсё гэта стала добрай альтэрнатывай звыкламу баўленню часу са спіртным. І мы бачым, што з кожным турзлётам прыхільнікаў здаровага ладу жыцця становіцца ўсё больш і больш. У гэтым годзе над дыскатэкай і палаткамі ўжо не лунала вялікае шызае цыгарэтнае воблака дыму. Арганізатары злёту стымулявалі тых, хто ўтрымліваўся ад шкоднай звычкі, а для аматараў пакурыць былі адведзены спецыяльныя пляцоўкі ў бяспечных месцах.
ВІКТАРЫНА
Нядоўгі сон у турыстаў. Вось ужо суддзя выклікае на ўдзел у краязнаўчай віктарыне, прысвечанай 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Амаль 100 чалавек збіраюцца на паляне з усмешкамі, бо раніцай з’явілася і прыгрэла яркае сонейка. Ну а пытанні віктарыны для большасці не былі праблемай. Свае добрыя веды прадэманстравалі настаўнікі СШ № 1 з «САЮЗА». Каманды «ШІК» і «НАДЗЕЯ» (ААТ “Буеўшчына, Іёдская ДС-СШ) таксама выйшлі ў лідары.
КОНКУРС «ЮШКА І ШАШЛЫК»
Сёлета кіраўнікі працоўных калектываў таксама далучыліся да цікавага маладзёжнага свята. Разам са сваімі камандамі яны рыхтавалі смачныя і арыгінальныя стравы, потым афармлялі і абаранялі гэтыя шэдэўры кулінарнага мастацтва з дапамогай музычных і вершаваных форм перад судзейскай калегіяй. Гэта аб’ядноўвала кіраўнікоў і прадстаўнікоў маладога пакалення, дазваляла ім разам далучыцца ды актыўнага здаровага ладу жыцця. А перамогу у гэтым конкурсе святкавалі каманды: «САЮЗ», «SOS», «КАРСАРЫ», «БРСМ», «АЛІМП», «ШІК». На сярэбраную прыступку п’едэстала ўзышоў «САМАРОДАК». “Забранзавелі” на гэтым п’едэстале турысты «СМЯШАРЫКІ» і «ВОЖЫК».
ГАЗЕТА
Адлюстраванне найбольш яркіх падзей і цікавых момантаў злёту з дапамогай малюнкаў, карыкатур і сяброўскіх шаржаў, вершаў і, вядома, тонкага гумару на тэму Года гасціннасці. Усё гэта можна было ўбачыць у нашых газетах. А сапраўднымі тытанамі мастацкай выдумкі сёлета сталі турысты з каманд «САЮЗ» і «ШІК». Прыкладна роўнымі ў сваім саперніцтве былі «САМАРОДАК» і «SOS», у іх другое месца. А трэцімі сталі «ЁЛКІ-ПАЛКІ», «ЗАВАДНЫЕ» і “ЯБЛЫЧАК” (ААТ “Васюкі”, Станіславоўская БШ).
ПАДВОДЗІМ ВЫНІКІ
Два дні турзлёту праляцелі імгненна. Сёлетні турыстычны злёт стаў гісторыяй. Мне толькі застаецца падзякаваць усім удзельнікам і суддзям. Прыемна было і тое, што нашы госці з Пскоўскага раёна далі вельмі высокую ацэнку турзлёту і ўсё самае лепшае збіраюцца пераняць пры правядзенні сваіх злётаў. Цікавые традыцыі будзем пераймаць і мы ў сваіх расійскіх сяброў. Адну з іх мы ўжо апрабавалі: пасля падвядзення вынікаў удзельнікі злёту ўсю галоўную судзейскую калегію проста ў адзенні выкупалі ў водах Мнюты. Гэта, маўляў, каб суддзі не падхапілі «зорную хваробу» і каб памяталі, што яны таксама адносяцца да катэгорыі турыстаў. Радуе і тое, як мы падтрымлівалі адзін аднаго ў конкурсах і спаборніцтвах злёту, як шчыра радаваліся за поспехі сяброў з Пскова, як радуючыся за поспехі пскоўскіх сяброў дружна скандзіравалі «РА-СІ-Я!» і «МА-ЛАЙ-ЦЫ!»
Хачу выказаць і асаблівыя словы падзякі арганізацыям і прадпрыемствам, якія аказалі значную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні злёту. З усімі вамі плённа, цікава і прыемна было працаваць.
І. ІВАНОЎ,
суддзя конкурснай праграмы злёту.







































