Кожнаму механізатару, які ад цямна і да цямна шчыруе на полі, хочацца смачна і каларыйна падсілкавацца. Пра гэта штодзённа клапоцяцца повары ў сельгаспрадпрыемствах.
У КУВСП імя Маркава за працэс прыгатавання страў для работнікаў адказвае Ганна Дулінец. Працуе яна тут толькі першы год, але ў кулінарыі чалавек не выпадковы. Два дзесяцігоддзі Ганна працавала ў школьнай сталовай. З’яўляецца адной з заснавальніц і пастаяннай удзельніцай народнага клуба нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Груца» Радзюкоўскага СДК.
— Мы не памыліліся, калі менавіта Ганне прапанавалі стаць поварам у нашым сельгаспрадпрыемстве, — кажа дырэктар гаспадаркі Юрый Жынгель. — Работа гэта хоць і сезонная, але жанчына дала сваю згоду. Гатуе яна адмыслова, усе, хто харчуюцца ў яе, вельмі задаволены стравамі.
— У сярэднім рыхтую каля пятнаццаці порцый, — кажа Ганна. — На першае — разнастайныя супы, на другое — стравы з бульбы, мяса. Вельмі важна, каб прысутнічалі салаты са свежых агуркоў, памідораў, цыбулі, іншай зеляніны. Для кожнага работніка прадугледжаны індывідуальны тэрмас.
Дарэчы, дастаўку абедаў у поле механізатарам ажыццяўляе кіраўнік гаспадаркі. Дырэктар і абед прывязе, і ў чарговы раз пацікавіцца станам спраў не месцы.
Сяргей РАЙЧОНАК

