У раёне завяршаецца сяўба ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур. Пры заданні 7297 гектараў насенне загорнута ў глебу на плошчы 5407 га, што складае 83 працэнты ад запланаванага.
Першымі з гэтай задачай справіліся хлебаробы ААТ «Княж»
— Дзякуючы падтрымцы з боку дзяржавы, агульным намаганням, старанням і сумленным адносінам да працы, мы змаглі выйсці ў лідары па сяўбе сярод іншых сельгаспрадпрыемстваў раёна, — сказаў, звяртаючыся да аграрыяў, кіраўнік гаспадаркі Уладзімір Буда. — Сёлета мы атрымалі ў карыстанне шмат новай тэхнікі, якая працуе на палетках ад світання і да змяркання. І гэта прыносіць свой плён. У пачатку тыдня машынна-трактарны парк папоўніўся яшчэ адной адзінкай — энерганасычаным асілкам палёў маркі «Кіравец-742 М». Высокага гонару кіраваць новай тэхнікай удастоены вопытны механізатар Юрый Урублеўскі.
Затым кіраўнік гаспадаркі і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі Таццяна Бохан падзякамі і памятнымі падарункамі адзначылі працу мясцовых аграрыяў. Узнагароды атрымалі Віктар Хаданёнак (унясенне арганікі), Уладзімір Александровіч (падрыхтоўка глебы пад сяўбу), Іван Шышковіч (узворванне). Найбольшага поспеху ў сваёй працы дасягнуў механізатар Андрэй Удобкін. На трактары «Кіравец-744» у счэпе з сеялкай «Бярэзіна-9600» мужчына пасеяў 890 гектараў ранніх яравых зерневых і зернебабовых культур. Ён адзін змог выканаць увесь план, даведзены гаспадарцы.
Не могуць і не павінны доўга адпачываць аграрыі. Крыху адпачыўшы, кожны з іх завёў рухавікі сваіх трактароў, каб зноў рушыць на палеткі — вясна прыспешвае.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
