Дэлегацыя Шаркаўшчынскага раёна прыняла ўдзел у ХІ абласной патрыятычнай акцыі «Прарыў Перамогі», прысвечанай 82-й гадавіне прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай зоны на тэрыторыі Ушацкага раёна.
У ноч з 4 на 5 мая 1944 года паблізу пасёлка Ушачы адбыўся легендарны бой, у ходзе якога партызаны вызвалілі з варожага кола смерці 15 тысяч мірных жыхароў. У гонар памятнай даты на мемарыяльным комплексе «Прарыў» прайшоў урачысты мітынг.
Тут сабраліся дэлегацыі з усіх раёнаў Віцебшчыны, Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расійскай Федэрацыі. Праграма святкавання пачалася з урачыстага мітынгу. Перад прысутнымі выступіў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік. Пад гук метранома ўшанавалі светлую памяць аб загінуўшых, усклалі вянкі і кветкі да мемарыяльных пліт.
Прысутныя сталі гледачамі рэканструкцыі апошніх дзён мірнага жыцця беларусаў перад пачаткам Вялікай Айчыннай вайны. На ніжняй пляцоўцы мемарыяльнага комплексу адбыўся канцэрт аркестра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, на якім гучалі песні ваеннай пары.
Працавалі шматлікія лакацыі, тэматычныя пляцоўкі. Для тых, хто хацеў падсілкавацца, гарачыя стравы прапаноўвала салдацкая палявая кухня, дзейнічалі гандлёвыя рады. Мерапрыемства доўжылася да позняга вечара.




Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
