З усталяваннем станоўчых умоў надвор’я, якія спрыяюць правядзенню спартыўных мерапрыемстваў, на стадыёнах, вялікіх і малых спартыўных пляцоўках штодзённа і дарослыя, і дзеці займаюцца фізкультурай.
Стадыён сярэдняй школы № 1 гарадскога пасёлка сабраў прыхільнікаў здаровага ладу жыцця са школ райцэнтра і сельскіх навучальных устаноў. Тут ладзілася першынство раёна па лёгкай атлетыцы.
Члены судзейскай каманды, а ў іх ліку былі вопытныя трэнеры дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы і выкладчыкі фізкультуры і спорту агульнаадукацыйных школ, пільна сачылі за правільнасцю правядзення першынства. Удзельнікамі спаборніцтва сталі юнакі і дзяўчаты 2011-2015 гадоў нараджэння і маладзей, падзеленыя на групы.
— Паважаныя сябры, жадаю кожнаму з вас дасягнення высокіх спартыўных вынікаў, справядлівай барацьбы і перамогі! — з такімі словамі вітала ўдзельнікаў першынства галоўны спецыяліст райвыканкама Наталля Арэшкава.
Сонечнае і сухое надвор’е спрыяла юным аматарам спорту пры выкананні адпаведных дысцыплін. Гледачы на трыбунах, якія адначасова былі і балельшчыкамі, сталі сведкамі сапраўдных спаборніцтваў за прагу да перамогі. Бег на розныя дыстанцыі і спартыўная хада, кіданне кап’я і штурханне ядра, скачкі ў даўжыню. Свята аказалася відовішчным і захапляльным. Пераможцы і прызёры спартыўных баталій павезлі з сабой не толькі дыпломы, але мноства станоўчых эмоцый.


Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
