Вольга Курушка з’яўляецца загадчыцай малочнатаварнай фермы «Варонка» адкрытага акцыянернага таварыства «Буеўшчына».
Стаж працы на кіруючай пасадзе ў яе невялікі, але жанчына дасканала ведае галіну сельскагаспадарчай вытворчасці, бо у нядаўнім мінулым яна працавала аператарам машыннага даення на гэтай МТФ.
— Калі кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства прапанавала ўзначаліць малочнатаварную ферму, я дала сваю згоду, — кажа Вольга. — Я ніколі не пасую перад цяжкасцямі, а ўпэўнена іх пераадольваю. Калі здараюцца складанасці, то ўзнікаючыя праблемы вырашаем усім калектывам. А ўсяго на МТФ працуе 20 чалавек — аператары машыннага даення, аператары па вырошчванні БРЖ, слесары, вартаўнікі. Кожны з іх выконвае свае функцыі, а разам мы абслугоўваем больш за 800 галоў жывёлы. За яе здароўем пільна сочыць ветэрынарны ўрач Ала Баговіч, кантралюе сітуацыю з захворваннямі, займаецца лячэннем, вакцынацыяй.
На МТФ ідзе ўзвядзенне новага прафілакторыя для ўтрымання 200 галоў маладняку буйной рагатай жывёлы ад нараджэння да чатырох месяцаў. Запаланавана здаць аб’ект у эксплуатацыю ў наступным месяцы. Пры кармленні цяляты будуць абслугоўвацца малочным таксі. Стварэнне замкнёнага цыкла вырошчвання жывёлы, які будзе адпавядаць усім існуючым тэхналагічным патрабаванням, — задача, над якой працуюць і будаўнікі, і мы.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
