61 выпускнік сярэдніх школ прыняў удзел у штогадовым раённым мерапрыемстве «Апошні званок».
Кіраўніцтва раёна, адзінаццацікласнікі і іх настаўнікі сабраліся на плошчы Леніна, усклалі кветкі да помніка загінуўшым салдатам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны, хвілінай маўчання ўшанавалі іх светлую памяць.
Затым урачыстым шэсцем рушылі да раённага цэнтра культуры, дзе на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы адбылася асноўная частка мерапрыемства. Старшыня раённага выканаўчага камітэта Сяргей Кашміла, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Кацярына Міхнёнак і першы сакратар райкама БРСМ Вераніка Кавалеўская ўручылі лепшым выпускнікам падзякі.
Гучалі музыка і песні, выпускнікі школ раёна прадстаўлялі на суд гледача творчыя нумары. Самадзейным артыстам дапамагалі работнікі ўстаноў культуры. Бацькі выпускнікоў СШ № 1 выканалі танцавальны нумар.
Права даць апошні званок на раённым свяце атрымалі выпускнік СШ № 2 імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына Арцём Падабыцька і выпускніца Лужкаўскай СШ Эмілія Красавіна.









Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
