Ветэран пажарнай службы Мікалай Еўдакімаў адзначыў 75-годдзе

Новости Витебщины Общество

— Яшчэ падчас праходжання тэрміновай службы ў ракетных войсках горада Дзяржынск, я марыў аб прафесіі пажарнага, — успамінае былы начальнік ваенізаванай пажарнай аховы Шаркаўшчынскага раёна Мікалай Еўдакімаў. — Пасля дэмабілізацыі я паступіў у Ленінградскае пажарнае вучылішча МУС СССР. Першым месцам службы стала пажарная часць Наваполацкага нафтаперапрацоўчага завода. Затым быў горад Докшыцы. А з распадам Савецкага Саюза, у 1991 годзе, я вярнуўся на малую радзіму ў Шаркаўшчыну. Паступова, год за годам, прайшоў кар’ерную лесвіцу ад старшага інспектара дзяржпажнагляду да начальніка ваенізаванай пажарнай аховы. Дарэчы, гэту пасаду я прыняў у 1993 годзе ад свайго папярэдняго начальніка Івана Малыша. У гэты перыяд мы набылі новае абсталяванне для барацьбы з вогненнай стыхіяй. Машынны парк пажарнай часці гарадскога пасёлка, а таксама сельскіх пажарных пастоў значна абнавіўся: на ўзбраенне шаркаўчан прыйшла новая тэхніка — аўтацыстэрны на базе аўтамабіляў «Зіл-131». У гэты ж час на службу пачалі прыходзіць кваліфікаваныя кадры. Адзін з іх — Андрэй Федуковіч, які ў 1996 годзе змяніў мяне на пасадзе начальніка пажарнай часці.

Непазнавальна змянілася цяпер аблічча Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях — узведзены новы будынак. З кожным годам набываецца новае абсталяванне, спецтэхніка. Гэта дазваляе выратавальнікам-пажарным аператыўна і хутка ліквідаваць наступствы надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.

27 мая дэлегацыя Шаркаўшчынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і ветэраны службы павіншавалі Мікалая Еўдакімава з 75-годдзем, уручылі імянінніку падарункі, выказалі шмат цёплых слоў з нагоды юбілейнага дня нараджэння.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.