Ідзе будоўля прафілакторыя для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Княж»

Сельское хозяйство

Сучасныя памяшканні, аўтаматызаваны догляд і камфортныя ўмовы ўтрымання — у ААТ «Княж» робяць стаўку на якасную жывёлагадоўлю.

У сельгаспрадпрыемстве актыўнымі тэмпамі ідзе будаўніцтва сучаснай малочнатаварнай фермы на 800 галоў дайнага статка, а побач узводзіцца прафілакторый на ўтрыманне маладняку буйной рагатай жывёлы.

— Работы яшчэ толькі пачаліся, але ўжо ў ліпені памяшканне прыме першых маленькіх «навасёлаў», — адзначыў дырэктар гаспадаркі Уладзімір Буда. — Сёння для жывёлы важна стварыць умовы, пры якіх яна будзе здаровай і зможа добра развівацца з першых дзён жыцця. Акрамя гэтага, павінны мяняцца ў лепшы бок і ўмовы працы работнікаў. Раней догляд за нованароджанымі цялятамі ажыццяўляўся ў розных памяшканнях, жывёлаводам прыходзілася траціць шмат часу. Цяпер усе працэсы сканцэнтраваны ў адным месцы.

— Прафілакторый будуем з разлікам на даўгавечнасць і зручнасць, — тлумачыць майстар будаўнічых работ гаспадаркі Віктар Швед. — Зрабілі пясчаную падсыпку для трываласці фундамента, пачалі бетонныя работы. На аб’екце працуюць каля дзесяці чалавек нашай будаўнічай брыгады сумесна са спецыялістамі ТАА «РекордСтрой» з горада Полацка. Унутры памяшкання ўстановім 200 індывідуальных домікаў для цялят айчыннай вытворчасці. У прафілакторыі ўстановім сістэмы вентыляцыі, водазабеспячэння і электрычнасці.

Асобная ўвага надаецца сучасным тэхналогіям. Тут з’явіцца малочнае таксі з пастэрызатарам. Яно дазволіць за адно прыгатаванне забяспечыць выпайку ўсяго маладняка, а ўсталяваны дазатар малака дакладна размяркуе неабходную яго колькасць.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.