Летне-пашавае ўтрыманне кароў у ААТ «Княж»

Сельское хозяйство

Летне-пашавы перыяд утрымання жывёлы у ААТ «Княж», як і ў іншых гаспадарках раёна, пачаўся ў красавіку. Гэты час з’яўляецца самым аптымальным для атрымання высокіх надояў.

Асноўнай задачай было выйсці з найменшымі стратамі прадукцыйнасці дойнага статка. Зрабіць гэта было няпроста, але магчыма. І жывёлаводы з дадзенай задачай справіліся. На зялёны корм статкі пераводзілі паступова, жывёла хутка адаптавалася да новых умоў. Свежае паветра, сонца, маладая, багатая бялком, пратэінам і вітамінамі трава даюць станоўчы вынік: вытворчасць малака павялічваецца кожны дзень.

— Перад пачаткам кругласутачнага выпасу выканалі ветэрынарна-прафілактычныя мерапрыемствы, — кажа галоўны заатэхнік сельгаспрадпрыемства Леакадзія Буда. — Наладзілі перасоўныя даільныя ўстаноўкі, падрыхтавалі ёмістасці для малака і паення жывёлы, печкі для падагрэву вады, электраправодку для агароджы, перасоўныя бытавыя памяшканні для работнікаў. Каровы, пакуль прывыклі да новых умоў, некаторы час паводзілі сябе на пашы неспакойна, асабліва цялушкі. Хапае клопатаў і пастухам.

— Наш абавязак — рыхтаваць клеткі для франтальнага выпасу (чатыры на дзень і адну на ноч), — тлумачыць пастух Яўген Рагавы. — Трэба пільна сачыць за станам здароўя жывёлы, прымаць ацёлы. У гурце, за якім мы па чарзе даглядаем з напарнікам Паўлам Бужынскім, налічваецца 227 кароў. Заўсёды ў наяўнасці соль, канцэнтраты. Штодзённа на пашу прыязджаюць галоўны заатэхнік, ветурач, падчас даення прысутнічае загадчык МТФ.

Пашавы перыяд называюць сезонам вялікага малака. Але, каб яго атрымаць, не дастаткова зялёнай травы. Трэба яшчэ строга захоўваць усе тэхналагічныя патрабаванні. Толькі ў такім выпадку магчыма дабіцца эфектыўнасці ў малочнай вытворчасці.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.