Плячо падтрымкі для «Буеўшчыны»

Сельское хозяйство

Сёлета на ААТ «Буеўшчына» травы першага ўкосу трэба скасіць на плошчы 1500 гектараў, закласці 10000 тон сенажу і нарыхтаваць 480 тон сена.

— Механізатары Павел Пяткевіч і Андрэй Пастны пачалі  корманарыхтоўчыя работы са скошвання траў ва ўрочышчы Залессе, — кажа галоўны аграном гаспадаркі Віктар Атрашкевіч. — У сціслыя тэрміны заклалі сянажную траншэю на малочнатаварнай ферме «Іёды». Цяпер тэхніка працуе на іншых участках. Важкую дапамогу пры нарыхтоўцы кармоў нам аказалі сельгаспрадпрыемствы «Даватарскі», «Агратэхсэрвіс», «Жвіранка» і імя Маркава. Яны прадаставілі корманарыхтоўчы камбайн і тэхніку для адвозу зялёнай масы.

— Лічу, што абавязкова трэба дапамагаць работнікам з іншых гаспадарак, — упэўнены трактарыст ААТ «Агратэхсэрвіс» Віктар Лаўрыновіч. — Сёння мы аказалі дапамогу, а калі спатрэбіцца, плячо падтрымкі падставяць і нам.

— У мінулым годзе я атрымаў у кіраванне корманарыхтоўчы камбайн «Палессе» КВК-800, — паведаміў механізатар Вячаслаў Пабяржын. — Тэхніка працуе другі сезон і нараканняў на работу механізмаў няма.

Пацікавіцца станам спраў да аграрыяў на поле прыехаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Гернат. Першае, на што ён звярнуў увагу, гэта абавязковая наяўнасць у механізатараў вогнетушыцеляў і медыцынскіх аптэчак. Як высветлілася, з гэтым праблем няма — камбайны і трактары поўнасцю ўкамплектаваны неабходнымі сродкамі. Захаванне правілаў тэхнікі бяспекі падчас працы заўсёды пад кантролем грамадскай арганізацыі. Прафсаюзны лідар аграрыяў асабіста ўпэўніўся ў якаснай арганізацыі харчавання механізатараў.

Паступова корманарыхтоўчыя работы набіраюць тэмп. З кожным днём павялічваюцца плошчы скошаных траў, тоны закладзенага сенажу, пачалася нарыхтоўка сена.

Сяргей РАЙЧОНАК