50-годдзе сумеснага жыцця адзначаюць сёння шаркаўчане Мікалай і Людміла Мацкевічы

Новости Витебщины

Найбольш простая прыкмета сямейнага шчасця — падтрымка і разуменне, адчуванне сапраўднай радасці і асалоды жыцця.

Так лічаць жыхары гарадскога пасёлка Мікалай і Людміла Мацкевічы, якія заўтра адзначаць залатое вяселле — 50-годдзе сумеснага жыцця.

А пазнаёміліся яны, як і шматлікія прадстаўнікі маладога пакалення таго часу, на танцах у сельскім клубе вёскі Грыгараўшчына. Людміла жыла з бацькамі ў суседніх Зачысціках. Мікалай працаваў у Шаркаўшчынскай ПМК-51 меліярацыі і быў у складзе брыгады камандзіраваны ў тагачасны калгас «Маяк» для асушэння зямель.

— Хлопец быў вельмі прыгожы, — успамінае Людміла. — Дзяўчаты з зайздрасцю пазіралі на мяне, калі Мікалай запрасіў на павольны танец. З гэтага моманту і пачалося наша знаёмства, сяброўства і каханне.

— Свае лёсы ў адзін мы з’ядналі 3 ліпеня 1976 года, — далучыўся да гутаркі Мікалай.— Спачатку жылі разам з бацькамі Людмілы ў Зачысціках. Там жа нарадзіліся і дочкі Жана з Алесяй. З цягам часу пераехалі ў Шаркаўшчыну, дзе спачатку здымалі жыллё, а ў хуткасці атрымалі кватэру ў мікрараёне меліяратараў. Спадарожніца жыцця завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, уладкавалася па спецыяльнасці ў Малонкаўскую бібліятэку, у ёй і адпрацавала да выхаду на заслужаны адпачынак.

Не здрадзіў і Мікалай сваёй арганізацыі, дзе калісьці рабіў свае першыя працоўныя крокі. 42 гады з’яўляўся спачатку памочнікам трактарыста, затым узначальваў дрэнажную брыгаду. Нават калі стаў пенсіянерам, яшчэ восем гадоў быў вартаўніком.

Вольнага часу ў Мацкевічаў хапае. Людміла — пастаянны ўдзельнік гурткоў і мерапрыемстваў, якія ладзяцца ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Мікалай — заўзяты грыбнік, любіць паблукаць у пошуках дароў прыроды па родных мясцінах паблізу вёскі Ямна. Але найбольшая радасць для іх — дзеці і ўнукі.

Вось так і жывуць гэтыя два чалавекі, якія праз паўстагоддзя пранеслі сваё пачуццё, не згубілі веры адзін да аднаго, а сталі вельмі блізкімі людзьмі на ўсё жыццё.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота з сямейнага архіва.