ААТ «Княж» лідзіруе на корманарыхтоўчых работах сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна

Новости Витебщины Общество Сельское хозяйство

Найбольшыя тэмпы работ па корманарыхтоўцы назіраюцца ў ААТ «Княж». Ужо на канец чэрвеня тут назапасілі 15 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы ў два разы больш чым летась.

— На нарыхтоўцы сенажу ў нас працуюць два механізаваныя атрады, — паведаміў намеснік дырэктара сельгаспрадпрыемства па вытворчасці Міхаіл Якімовіч. — Тэрыторыя гаспадаркі вялікая, таму тэхніку перамяшчаем у розныя брыгады па меры неабходнасці. Працуем згуртавана, каб рацыянальна выкарыстоўваць матэрыяльныя рэсурсы і не траціць паліва на вялікія перагоны трактароў.

За вёскай Цярэшкі правяленую зялёную масу здрабняў механізатар Сяргей Хаданёнак на кормаўборачным камбайне «Палессе» КВК-800 і загружаў трактарныя прычэпы, якія адзін за адным пад’язджалі да агрэгата.

Другі механізаваны атрад праводзіў аналагічную работу каля вёскі Юзэфова. Толькі кашэнне і здрабненне зялёнай масы тут праводзілі напрамую — адразу з сенажаці.

— Справа ў тым, што трава месцамі перарастае і губляе свае пажыўныя якасці, таму такім спосабам ідзе здрабненне зялёнкі, — растлумачыў механізатар Андрэй Удобкін, які працуе на агрэгаце «Палессе» КЗР-10. — За дзень праз камбайн праходзіць каля 250 тон зялёнай масы.

— Тры сянажныя траншэі заклалі аператыўна і з захаваннем тэхналогіі, — сказаў начальнік участка Пётр Протас. — На трамбоўцы зялёнкі задзейнічаны пагрузчык «Амкадор» і энерганасычаны трактар «Кіравец-701».

Гаспадарка нядаўна набыла новы прэс-падборшчык рулонны з абмотчыкам айчыннай вытворчасці. Патрэба ў ім існавала даўно, але недахоп фінансавых сродкаў не дазваляў мець сучасны высокатэхналагічны агрэгат. Цяпер новая тэхніка працуе на палях «Княжа», а даверылі яе маладому трактарысту Андрэю Урбановічу.

— Шчырую на «Беларусе» ў счэпе з новым абмотчыкам увесь светлавы дзень, — кажа механізатар. — Тэхніка выдатная, выпрацоўка высокая. Спачатку рыхтаваў правяленую масу ў стрэтч-плёнку, потым сена — у сетку. За дзень выпускаю з агрэгата больш за 150 адзінак рулонаў. У такой упакоўцы корм выдатна захоўвае ўсе пажыўныя якасці.

Ад світання да змяркання чутны на палетках «Княжа» рокат трактароў, аграрыі закладваюць трывалую базу на зімова-стойлавы перыяд утрымання буйной рагатай жывёлы.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.