Больш за паўвека Дзень будаўніка ў нашай краіне адзначаецца ў другую нядзелю жніўня. Архітэктары, інжынеры, канструктары, муляры, тынкоўшчыкі і цесляры — усе гэтыя людзі патрэбныя на будоўлі.
— Асабіста для мяне будаўнік — гэта чалавек, які стварае ўтульнасць для кожнага з нас, — кажа дырэктар Шаркаўшчынскай ПМК-68 Васіль Бягун. — Ён робіць зямлю прывабнай і адметнай, пакідае пасля сябе добры след. Прафесія будаўніка няпростая: трэба працаваць пад адкрытым небам і ў любое надвор’е. Затое як прыемна потым бачыць вынікі сваёй працы.
Лічу, што любое будаўніцтва — добры паказчык таго, што жыццё працягваецца. Нягледзячы на тое, што наша арганізацыя перажывае не лепшыя часы, мы стараемся трымацца, шукаем аб’ёмы работ. Нядаўна здалі ў эксплуатацыю пяціпавярховік у мікрараёне будаўнікоў райцэнтра. На дадзеным аб’екце з’яўляліся генеральным падрадчыкам. Несумненна, новы дом выглядае эстэтычна і з’яўляецца аздабленнем мікрараёна. Працавалі сёлета на ўзвядзенні прафілакторыя для ўтрымання маладняку буйной рагатай жывёлы на малочнатаварнай ферме «Варонка» ААТ «Буеўшчына». Прымалі ўдзел у работах па добраўпарадкаванні вуліц і плошчаў горада Міёры, які рыхтуецца да правядзення абласнога фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі».
У лютым сёлетняга года пачалі капітальны рамонт шматкватэрнага дома па вуліцы Школьнай у аграгарадку Лужкі. Праведзены значны аб’ём работ па замене мяккага даху, умацаванні і абшыўцы балконаў. Рамонт хутка будзе закончаны.
Сёлета наша арганізацыя прыступіла да выканання вызначаных відаў работ па ўзвядзенні фізкультурна-аздараўленчага комплеку ў гарадскім пасёлку. На наступны год усе сілы будаўнікоў будуць прыцягнуты да гэтага знакавага аб’екта.
Як мы даведаліся, у арганізацыі налічваецца 43 работнікі разам з адміністрацыяй. Па словах кіраўніка, вельмі не хапае кваліфікаваных спецыялістаў: муляроў, бетоншчыкаў, плітачнікакў, тынкошчыкаў, патрабуюцца таксама і рознарабочыя. Спадзяёмся, што ў хуткім часе вакансіі будуць закрыты, аб’ёмы работ павялічацца і арганізацыя будзе працаваць на поўную моц, як і ў мінулыя гады.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.
