Старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Дзіканава павіншавала аграрыяў раёна

Новости Витебщины Прафсаюзы Сельское хозяйство

Раён з рабочым візітам наведала старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Дзіканава.

Кіраўнік грамадскай арганізацыі аграрыяў Віцебшчыны наведала шэраг сельгаспрадпрыемстваў, дзе на месцы азнаёмілася з умовамі працы вяскоўцаў, ходам жніва. У ААТ «Княж» падчас абедзеннага перапынку была магчымасць пагутарыць з хлебаробамі, пацікавіцца разнастайнасцю страў, якія гатуюць у мясцовай сталовай для працаўнікоў палёў. Дарэчы, абеды, прыгатаваныя рукамі повараў Наталлі Бохан і Людмілы Урублеўскай, не толькі смачныя, каларыйныя, зробленыя толькі са свежых прадуктаў, але і кошт іх зусім малы. Кожны, хто харчуецца ў полі або непасрэдна ў сталовай, даплочвае толькі 10 працэнтаў, астатнія расходы бярэ на сябе сельгаспрадпрыемства.

У гаспадарцы працуе ветэран працы Віктар Хаданёнак. Мужчына хоць і знаходзіцца на заслужаным адпачынку, але падчас жніва садзіцца за штурвал камбайна і ўбірае збажыну. Таццяна Дзіканава ўручыла яму грашовы сертыфікат за высокі прафесіяналізм, дасягненне станоўчых вытворчых паказчыкаў.

Сёлета з трактара на зернеўборачны камбайн перасеў механізатар Барыс Гушчынскі. А дапамагае яму ўбіраць зерневыя сын Віталь. Так і працуюць яны адным сямейным экіпажам. Бацька з сынам хуткімі тэмпамі набліжаюцца да сваёй першай тысячы тон, за што і атрымалі ў якасці падарунка грашовыя сертыфікаты.

Не засталася без узнагарод і повар Людміла Урублеўская, якая ў той дзень карміла хлебаробаў на полі. Яна атрымала ў падарунак майку з лагатыпам, прысвечаным Году беларускай жанчыны (на здымку).

— Лічу, што кожны, хто працуе ў полі, на зернетаках і клапоціцца пра харчовую бяспеку краіны, заслугоўвае не толькі сардэчных слоў удзячнасці, але і падарункаў, — падкрэсліла Таццяна Дзіканава. — Мы, прадстаўнікі прафсаюзнага руху, павінны гэта ўсведамляць і прыкладаць максімум намаганняў, каб ушаноўваць чалавека працы.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.