Дранікі з пылу з жару, смажанне сала на піле і «Бульба-латарэя»: як у Германавічах прагучаў «Бульбяны фэст»
Шаркаўчане каторы год беражліва захоўваюць і памнажаюць беларускія народныя традыцыі. Вось і ў гэты раз аграгарадок Германавічы ператварыўся ў сапраўдную кулінарную і культурную сталіцу раёна — тут з вялікім размахам прайшло традыцыйнае раённае свята «Бульбяны фэст». Гасцінныя гаспадары, звонкія песні, духмяныя пачастункі і багаты ўраджай аб’ядналі жыхароў і гасцей суседніх вёсак у адну вялікую, дружную сям’ю.
Смачнае суседства і карані традыцый
Германавічы — край з адметнай гісторыяй і багатай спадчынай, дзе кожная сцежка памятае знакамітага мастака Язэпа Драздовіча. Аднак галоўнай гераіняй гэтага дня стала тая, без якой немагчыма ўявіць ніводны беларускі стол, — наша родная бульба. На Шаркаўшчыне прыгатаванне страў з таркаванай бульбы — гэта не проста кулінарыя, а элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны, які мясцовыя жыхары перадаюць з пакалення ў пакаленне.
Галоўныя персанажы святочнай падзеі — Лявон, Ганна і іх бойкая суседка Марыля — адразу задалі тэмп усяму мерапрыемству. Жартаўлівыя спрэчкі паміж гаспадынямі пра тое, чый ураджай лепшы і чые дранікі смачнейшыя, перараслі ў сапраўднае шоў.
З асаблівай цеплынёй і павагай прысутныя павіталі чалавека з вялікім сэрцам, нястомнага захавальніка беларускай культуры — Аду Райчонак, у гонар якой прагучалі шчырыя музычныя віншаванні.
З бульбы ўсяго шмат: народны выбар
Самым урачыстым і чаканым момантам фэсту стаў конкурс кулінарнага мастацтва «З бульбы ўсяго шмат». Свае лепшыя частавані на суд гледачоў прадставілі творчыя калектывы Германавіцкага цэнтра культуры і народных традыцый, Лужкаўскага СДК, Сталіцкага і Вялікасельскага сельскіх клубаў, а таксама мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча.
Ацэньвалі кулінарныя шэдэўры не строгія суддзі, а самі госці свята. Кожны жадаючы мог пакаштаваць стравы і аддаць свой голас за лепшую гаспадыню, апусціўшы ў кошык жэтон.
Удзельнікі атрымалі заслужаныя ўзнагароды, дыпломы і гучныя апладысменты захаплянай публікі. Самую смачную страву прагатавалі гаспадыні Лужкаўскага СДК, якія сталі пераможцамі конкурсу.
Азарт, прызы і святочны канцэрт
Якое ж свята без сюрпрызаў? Сапраўдны ажыятаж выклікала разнастайная «Бульба-латарэя». Самыя азартныя і ласуны змаглі выйграць карысныя кнігі рэцэптаў, сувеніры ад народнага майстра Сяргея Рымдзёнка, сертыфікаты на экскурсію ў мясцовы музей, порцыі свежых дранікаў і галоўны суперпрыз — цэлы мех адборнай бульбы.
Святочную атмасферу напрацягу ўсяго дня падтрымлівалі цудоўныя музычныя нумары. Сваё творчае натхненне і задорныя песні гледачам падарылі калектывы Васюкоўскага СДК і Пялікаўскага СК, узорны калектыў «Маленькая фея», творчыя калектывы сектара па нестацыянарных формах абслугоўвання насельніцтва і Германавіцкага ЦК і НД.
Фэст у Германавічах у чарговы раз даказаў: праца на зямлі і ўменне весела, і з душой адпачываць — гэта тое, што робіць беларусаў моцнымі, адзінымі і багатымі на добрыя традыцыі.
Алена АНАНІЧ, фота аўтара.






























































