Капітаны залатой нівы: віншаванні прымалі камбайнеры і вадзіцелі-тысячнікі

Новости Витебщины Общество Прафсаюзы Сельское хозяйство

Павіншаваць перадавога камбайнера ААТ «Княж» Аляксандра Мацкевіча з першай намалочанай тысячай тон зерня прама ў полі прыехалі ганаровыя госці. Словы шчырай удзячнасці аграрыю выказалі старшыня райвыканкама Сяргей Кашміла, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Гернат, старшыня раённага аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Людміла Стома, кіраўніцтва і прафкам сельгаспрадпрыемства. Лідару жніва ўручылі каштоўныя падарункі і грашовыя прэміі.

Музыкай і песнямі павіншавалі першага тысячніка самадзейныя артысты раённага Цэнтра культуры, якія ўзнялі настрой хлебаробу.

У пачатку тыдня тысячнага рубяжа па намалоце зерневых дасягнулі камбайнеры КУВСП імя Маркава Дзмітрый Осіпаў, ААТ «Жвіранка» Яўген Пятрашка, «Княж» Міхаіл Андзілеўка. Да кагорты тысячнікаў далучыліся і вадзіцелі ААТ «Агратэхсэрвіс» Яўген Рагачэўскі і Іван Яфімаў. Гаспадаркам раёна па дамоўленасці дапамагаюць шматлікія камбайнеры і вадзіцелі, якія працуюць у іншых арганізацыях. Сярод іх звыш тысячы тон намалаціў Станіслаў Странчэўскі (КУВСП імя Маркава), тысячны рубеж на адвозе зерня ад камбайнаў пераадолелі Яўген Толкач (ААТ «Даватарскі») і Сяргей Бейнаровіч (КУВСП імя Маркава).

— Цвёрда ўпэўнены, што ў гаспадарках нашага раёна сярод камбайнераў і вадзіцеляў будуць і іншыя тысячнікі, — сказаў падчас віншавання перадавікоў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Аляксандр Варона. — Спыняцца на дасягнутым руплівыя хлебаробы не збіраюцца.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.