«Смачнае жыццё пачынаецца тут»

Добраўпарадкаванне Общество

Такі надпіс сустракае гасцей на ўваходзе ва ўтульнае кафэ «Алекс» прыватнага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Линларпрод», якое размяшчаецца ў раённым цэнтры.

Шаркаўчанам і гасцям гарадскога пасёлка добра вядома гэта ўстанова. Напэўна, кожны з нас адзначаў тут якую-небудзь жыццёвую дату, збіраўся з роднымі, сябрамі, аднакласнікамі з нагоды юбілею або вяселля. Ведаюць шаркаўшчынскі «Алекс» і далёка за межамі раёна і нават вобласці, бо вельмі адмысловыя стравы гатуюць тут мясцовыя гаспадыні. Калектыў, які налічвае каля пятнаццаці чалавек, сяброўскі, тут кожны разумее адзін аднаго. Кіруе ўстановай на працягу дваццаці гадоў Ліна Хаданёнак.

— У асноўным будынку першапачаткова размяшчалася крама і невялікая зала для кафэ, — расказала жанчына. — Усё карысталася попытам у жыхароў гарадскога пасёлка. З цягам часу на сямейным савеце мы вырашылі пераабсталяваць гандлёвую залу таксама пад кафэ. А яшчэ праз некалькі гадоў на месцы, дзе стаяла альтанка, ўзвялі асобны будынак для прыёму гасцей. На сённяшні дзень усе тры памяшканні заўсёды запатрабаваныя.

Прываблівае людзей не толькі кухня, смачныя стравы і ветлівае абслугоўванне. Першае, што кідаецца ў вочы, — прыгажосць навокал «Алекса». На адносна невялікай тэрыторыі існуе сапраўдны аазіс, дзе пануюць чысціня, парадак, расце вялікае мноства жывых кветак, дэкаратыўных раслін. Усё гэта чаргуецца з усталяванымі малымі архітэктурнымі формамі. Размяшчаюцца тут і казачная карэта, і альтанка, а непадалёк ёсць канапа. Ноччу ўсё гэта хараство падсвечваецца невялікімі ліхтарыкамі, размешчанымі ўздоўж сцежак, выкладзеных брукаваным каменнем. Наведвальнікі кафэ заўсёды робяць памятныя фотаздымкі, дасылаюць іх сваім знаёмым, дзеляцца шаркаўшчынскай прыгажосцю.

— Падтрымліваць парадак тут — справа не з лёгкіх, — працягвае гаворку гаспадыня ўстановы. — Дапамагаюць мне мае родныя, загадчык гаспадаркі Пётр Касевіч, а дзяўчаты не толькі на кухні завіхаюцца, але і тут цеплыня іх жаночых рук укладзена ў кожную расліну.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.