Памятаць мінулае, ганарыцца сучасным

Общество Патрыятычнае выхаванне

Сёлета споўнілася 20 гадоў Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў». З гэтай нагоды адбыўся ўрачысты сход, на якім успомнілі тых, хто стаяў ля вытокаў заснавання арганізацыі.

Першым кіраўніком шаркаўшчынскіх афіцэраў з’яўляўся падпалкоўнік у адстаўцы, воін-інтэрнацыяналіст Валянцін Куклін. Яго справу прадоўжыў ваенны камісар райваенкамата, падпалкоўнік Андрэй Дубовік. Працяглы час інтарэсы шаркаўшчынскіх афіцэраў абараняе падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Ан.

За два дзесяцігоддзі існавання раённай арганізацыі зроблена нямала карысных спраў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення, увекавечанне імён землякоў, якія ў часы Вялікай Айчыннай вайны і ў мірныя гады служылі Айчыне, стаялі на абароне цэласнасці краіны і яе грамадзян. Адным са значных дасягненняў лічыцца ўклад раённай арганізацыі і асабіста яе старшыні Валерыя Ана ў прысваенне сярэдняй школе № 2 г. п. Шаркаўшчына імя Героя Савецкага Саюза Рамана Сцяпанавіча Кудрына. А з 1 верасня Лужкаўская сярэдняя школа будзе насіць імя воіна-інтэрнацыяналіста Мікалая Андзілеўкі, загінуўшага ў Афганістане.

У час сходу члены арганізацыі выказвалі свае меркаванні наконт больш цеснага супрацоўніцтва з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, далейшай работы па патрыятычным выхаванні школьнікаў і моладзі, добраўпарадкаванні памятных месцаў воінскай славы. Валерый Ан ва ўрачыстай атмасферы ўручыў прысутным нагрудныя знакі «20 гадоў Шаркаўшчынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз афіцэраў».

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.