Жыццё «за польскім часам»

Новости Витебщины

Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавору 18 сакавіка 1921 года землі Заходняй Беларусі і Украіны ўвайшлі ў склад Польшчы. Пад прыгнётам польскіх асаднікаў мы жылі да 17 верасня 1939 года, больш за дзевятнаццаць гадоў.

У раёне яшчэ ёсць людзі, якія памятаюць той няпросты час. Адзін з іх — жыхар вёскі Грыблы Станіславоўскага сельсавета Дзмітрый Андрэйчык.

— Нарадзіўся я ў 1933 годзе, — кажа мужчына. — Дзіцячая памяць захавала некаторыя ўспаміны тых часоў, калі ў Заходняй Беларусі ўладарылі палякі. Быў такі выпадак: мой бацька Уладзімір надраў у лесе ліповае лыка і схаваў у хаце пад падлогай, каб потым сплясці лапці. На жаль, у вёсцы нічога не ўтоіш. Знайшліся нядобразычлівыя людзі, якія паведамілі пра гэта паліцыі. Бацьку арыштавалі, і ён некалькі сутак адсядзеў у пастарунку, заплаціў вялікі штраф. Потым казаў, што за гэтыя грошы купіў бы не адну пару добрых ботаў. А здарылася так таму, што не атрымаў дазволу на знішчэнне дрэўцаў. Дарэчы, на адну пару такога абутку былі патрэбны тры маладыя ліпкі.

Прадстаўнікі польскай улады часта наведваліся ў Грыблы, цікавіліся палітычнымі поглядамі людзей. У суседняй вёсцы Сямёнавічы ў той час настаўнічаў будучы садавод-селекцыянер Іван Сікора. Калі ў паліцыі даведаліся, што заняткі з дзецьмі ён праводзіць на беларускай мове — звольнілі. Педагогаў пакідалі без працы, каб закрываць беларускамоўныя школы. Маўляў, няма настаўніка — няма і навучальнай установы. Няпросты гэта быў перыяд у нашым жыцці.

Сяргей РАЙЧОНАК