Калі тата — герой на працы, а мама — дома

Общество

«Мы ўсе жывём пад зоркамі матуль…» — гэтыя знакамітыя радкі народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна вельмі трапна і тонка апісваюць чалавечы свет, які стагоддзямі трымаецца на жаночай любові, цярплівасці, мудрасці і нястомным клопаце. Напярэдадні Дня маці — самага цёплага, светлага і душэўнага свята — гэтае паэтычнае параўнанне набывае асаблівы сэнс. Бо менавіта матулі ствараюць тое незабыўнае адчуванне дома, куды заўсёды хочацца вяртацца.

Мара аб вялікай сям’і

Сёння гэты мацярынскі свет асабліва ярка і ўтульна ззяе ў Шаркаўшчыне, у доме Алёны і Ігара Пятровых. Іх сямейная гісторыя, якая пачалася звычайным клікам у інтэрнэце і кароткім знаёмствам у сеціве 15 гадоў таму, перарасла ў моцны і прыгожы  саюз, дзе сёння выхоўваюцца чацвёра дзяцей — тры выдатныя дачкі і малодшы доўгачаканы сын. 8 кастрычніка гэтая пара адзначыла адметны юбілей — крыштальнае вяселле. Гэта выдатная нагода зазірнуць у госці да вялікай сям’і, каб даведацца, як сумяшчаць адказную працу, будаўніцтва ўласнага дома, выхаванне чатырох дзяцей і пры гэтым заставацца сапраўднай камандай, дзе кожны гатовы падставіць плячо.

Быць бацькамі чатырох дзяцей у наш час — задача не з простых. Гэта патрабуе каласальных маральных, псіхалагічных і фізічных сіл. Многія сучасныя пары пабойваюцца такой адказнасці, але Алёна Пятрова цяжкасцяў ніколі не баялася. Секрэт яе смеласці і ўпэўненасці хаваецца ў дзяцінстве. Сама Алёна родам з вёскі Юзафова нашага раёна і расла ў сям’і, дзе бацькі выхоўвалі траіх дзяцей. Яна змалку ведала, што такое шумны, вясёлы дом, дзе пануе ўзаемавыручка, таму заўсёды марыла пра ўласную вялікую і дружную сям’ю.

Але мары патрабуюць працы. Выхаванне дзяцей — гэта працэс, які ідзе паралельна з прафесійным станаўленнем. Алёна закончыла Віцебскі каледж сувязі і шмат часу аддала рабоце на  ўчастку паштовай сувязі. Яна пачынала свой шлях звычайным аператарам, ведае кожную дробязь у сваёй справе, і дзякуючы адказнасці і прафесіяналізму з нядаўняга часу заняла пасаду намесніка начальніка аддзялення паштовай сувязі № 1 г. п. Шаркаўшчына. Праца на такім участку — гэта пастаянны рух, праца з людзьмі і высокая адказнасць.

Аднак самая вялікая нагрузка клалася на жаночыя плечы дома, асабліва ў той перыяд, калі старэйшыя дзяўчынкі былі яшчэ зусім маленькімі. Праца жонкі і маці — часта незаўважная для старонніх вачэй. Здаецца, што парадак, утульнасць, гарачая вячэра і дагледжаныя дзеці з’яўляюцца самі па сабе, маўляў, так і павінна быць. Але за гэтым «так павінна быць» стаяць бяссонныя ночы, бясконцы менеджмент сямейнага быту і вялікая жаночая мудрасць.

Адказнасць на службе і дома

Ігар родам ён з горада Міёры. Пасля заканчэння школы атрымаў прафесію вадзіцеля і аўтаслесара — спецыяльнасць, дзе патрэбны дакладны розум і залатыя рукі. Сваю працоўную біяграфію пачынаў сумленна: летам працаваў на зернесушыльным комплексе, затым была служба ў арміі.

Пасля дэмабілізацыі быў кранаўшчыком у будаўнічай арганізацыі ў Міёрах, потым перавёўся ў Шаркаўшчынскую ПМК-68, дзе адпрацаваў год. А роўна 14 гадоў таму лёс зрабіў круты паварот — Ігару прапанавалі вакансію вадзіцеля ў Шаркаўшчынскім раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Справа выратавальніка прыйшлася па душы, стала сапраўдным прызваннем. З 2022 года Ігар працуе старшым вадзіцелем групы матэрыяльна-тэхнічнага абслугоўвання РАНС.

Гэта цяжкая, мужчынская і часта ненарміраваная праца. Трывожныя выклікі, баявыя дэжурствы, адказнасць за тэхнічную гатоўнасць спецтранспарту, які ў любы момант павінен выехаць на выратаванне нечага жыцця. Нагрузка вялікая. Менавіта таму для Ігара так важна ведаць, што дома яго чакаюць.

Напярэдадні Дня маці хочацца крыху прыпыніць штодзённую мітусню і сказаць галоўнае, — дзеліцца старэйшы вадзіцель РАНС Ігар Пятроў. — Я бязмежна ўдзячны сваёй Алёне за спакой, падтрымку і клопат. Быць мамай чатырох дзяцей, заставацца выдатнай гаспадыняй, добрай жонкай і надзейнай спадарожніцай жыцця — гэта сапраўдны подзвіг. Скажу шчыра: быць героем на працы, сярод мужных выратавальнікаў, вельмі лёгка. Лёгка, калі ведаеш, што дома цябе чакае надзейны і моцны тыл, на які заўсёды можна разлічваць. Гэты бок сямейнага жыцця часта незаўважны для іншых, маўляў, так і павінна быць. Але менавіта на кволых жаночых плячах усё і трымаецца. Дзякуй вам за гэта, жанчыны, нашы маці! Разам з Алёнай мы ад усяго сэрца віншуем нашых дарагіх матуль і ўсіх жанчын Шаркаўшчыны з гэтым цудоўным святам!

Чатыры сузор’і

Дзеці ў сям’і Пятровых — дружная, дысцыплінаваная і вельмі адказная каманда. На старэйшых дзяўчынак бацькі могуць цалкам палажыцца: яны і за малодшымі прыгледзяць, і па гаспадарцы дапамогуць. Сапраўдны рухавік ідэй — 14-гадовая Яўгенія, васьмікласніца СШ № 1. Яна выдатна вучыцца, сумяшчае музычную школу па класе фартэпіяна і заняткі ў нядзельнай школе пры Свята-Успенскім храме. Яе захапленняў не злічыць: у раённым цэнтры рамёстваў асвойвае гліну, стварае дзівосныя букеты з атласных руж, збірае алмазную мазаіку і піша карціны па нумарах.

Малодшыя сёстры шмат у чым пераймаюць старэйшую. 12-гадовая Паліна, шасцікласніца СШ № 1, удала спалучае драйв і лірыку: сур’ёзна захапляецца валейболам, любіць маляваць і таксама асвойвае фартэпіяна. Маленькая Насця пакуль ходзіць у дзіцячы сад № 1, але ўжо актыўна цягнецца за сёстрамі — расце вельмі кемлівай і любіць маляваць. Ну а 4-гадовы Раман, самы малодшы ў сям’і, адказвае за мужчынскі фронт работы. Ромка — галоўны татаў памочнік: разам яны рамантуюць машыну, завіхаюцца ў гаражы, і хлапчук з маленства вучыцца быць сапраўдным гаспадаром.

Творчая жылка перадалася дзецям ад маці. Алёна Пятрова ў дзяцінстве таксама з задавальненнем наведвала Цэнтр рамёстваў. Гэтая пераемнасць адчуваецца ва ўсім. Калі выдаецца вольны час, Алёна разам з дзяўчынкамі гатуе на кухні — яны знаходзяць у інтэрнэце цікавыя рэцэпты і разам выпякаюць смачныя пірагі.

Будаўніцтва дома і сумесны адпачынак

Сапраўдным сумесным праектам, які яшчэ мацней аб’яднаў сям’ю, стаў уласны дом. У 2013 годзе Пятровы набылі яго на вуліцы Вадап’янава. Месца вельмі спадабалася, але каб усім хапіла прасторы, прыйшлося прыкласці шмат сіл. Дом істотна, практычна напалову, дабудоўвалі, самі праводзілі ўсе неабходныя камунікацыі. Зараз рамонт працягваецца, сям’я актыўна займаецца добраўпарадкаваннем дваровай тэрыторыі. Планаў наперадзе яшчэ вельмі шмат, але галоўнае — ёсць падтрымка і ўзаемаразуменне.

Калі ж выпадае рэдкі сумесны выхадны, Пятровы любяць падарожнічаць па Беларусі ўсе разам. А яшчэ адна любімая сямейная традыцыя ў сезон — паходы ў грыбы. У лесе яны адпачываюць душой, вывучаюць прыроду і беларускі лес.

Дом каля ракі і храма

Пакупка дома на вуліцы Вадап’янава мела для сям’і глыбокі сэнс. Сядзіба размясцілася ў вельмі маляўнічым месцы — побач з ракой Дзісна, і зусім блізка ад храма Успення Прасвятой Багародзіцы. Гэтая акалічнасць вельмі падабаецца ўсёй вялікай сям’і.

Дзякуючы такому суседству, Жэня, Паліна і Насця сталі актыўнымі ўдзельніцамі мерапрыемстваў нядзельнай школы. Жыццё побач з царквой стала цудоўнай магчымасцю для таго, каб дзеці прыходзілі ў храм.

Вольга ЧАРНЯЎСКАЯ, фота аўтара