Наш Васільевіч— універсальны спецыяліст

Общество

Штодзень вахцёр дзіцячай школы мастацтваў прытрымліваецца вялікага мноства ўскладзеных на яго абавязкаў і бездакорна выконвае шэраг даручэнняў адміністрацыі ўстановы. Менавіта з гэтага нястомнага клопату пра парадак і бяспеку пачынаецца кожны творчы дзень юных талентаў.

Пры гэтым Мікалай Міхнюк, які працуе вахцёрам Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў імя Пятра Касцюкевіча, у сваёй справе кіруецца не толькі афіцыйнымі абавязкамі. Ён заўсёды акажа дапамогу кожнаму, хто мае ў гэтым патрэбу. Зламаўся замок у дзвярах — Васільевіч у хуткім часе адрамантуе яго. Не стаў працаваць кран у водаправодзе — і тут вахцёр Мікалай Міхнюк першы знойдзе прычыну паломкі. Нават калі трэба было знайсці майстра па ўкладцы керамічнай пліткі на калідоры — жыццёвыя вопыт і веды мужчыны спатрэбіліся ў гэтай справе.

— Наш Васільевіч — універсальны спецыяліст, — кажа дырэктар установы Ала Клакоўская. — Ён заўсёды забяспечыць тэхнічную спраўнасць сістэмы ацяплення, калі ў гэтым узнікае патрэба, адрамантуе пашкоджаны дах. І гэта пры тым, што мужчына пільна сочыць за парадкам не толькі на прылеглай да школы тэрыторыі, але і ў самой установе парадак і чысціня заўсёды пад кантролем.

За добрасумленную працу, прафесіяналізм і бездакорнае выкананне працоўных абавязкаў намеснік старшыні райвыканкама Юрый Васілеўскі ўручыў Мікалаю Міхнюку Падзяку кіраўніка раёна Сяргея Кашмілы. Да віншаванняў далучылася і старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Міхалёнак.

Асобныя словы ўдзячнасці прагучалі для мужчыны ад дырэктара школы Алы Клакоўскай і ўсяго калектыву ўстановы, дзе яго заўсёды называюць «наш Васільевіч».

Асаблівы прыемным з’яўляецца той факт, што сёння, напярэдадні Дня работнікаў культуры, Мікалай Міхнюк адзначае сваё 70-годдзе. Са святам вас, Мікалай Васільевіч!

Сяргей РАЙЧОНАК