Нібы маленькія дзеткі

Новости Витебщины

Прафілакторый па ўтрыманні маладняку буйной рагатай жывёлы нядаўна ўведзены ў эксплуатацыю на малочнатаварнай ферме «Пашкі» ААТ «Агратэхсэрвіс». Пакуль тут размяшчаецца 101 гадаванец, з кожным днём іх колькасць павялічваецца.

Аператарам па вырошчванні цялят да дасягнення імі трохмесячнага ўзросту працуе вопытны жывёлавод Аксана Кухальская. Жанчына пэўны час была аператарам машыннага даення, з’яўлялася перадавіком не толькі ў гаспадарцы, але і на раённым узроўні. Як паведаміла загадчык МТФ Іна Магалінская, Аксана — чалавек вопытны і адказны, сумленна выконвае свае абавязкі.

— Мой працоўны дзень пачынаецца ў 5 гадзін 30 хвілін, а пасля перапынку на абед можа заканчвацца і ў дзясятай гадзіне вечара, — кажа жанчына. — На ферму і дадому арганізаваны падвоз работнікаў транспартам гаспадаркі, а гэта вельмі зручна. І хоць працую я без выхадных дзён, догляд за цялятамі мне вельмі па душы, бо кожны з іх нібы маленькае дзіця, якога трэба не толькі своечасова пакарміць, але і падарыць яму свае ласку, увагу і звычайны чалавечы клопат.

Сяргей РАЙЧОНАК