Такі лёс хлебароба, што не паспее ён сабраць вырашчаны ўраджай, як трэба ўжо дбаць аб будучым. Па магчымасці, сельгаспрадпрыемствы займаюцца ўзорваннем глебы пад сяўбу азімых культур. Так паступаюць і ў ААТ “Ельня-Агра”. Цікавімся планамі далейшых работ у гаспадарцы ў галоўнага тэхнолага палёў Пятра Віктаравіча Протаса:
— Пад азімыя культуры сёлета плануем адвесці 500, а калі дазволяць умовы, то і 700 гектараў ворыва. З іх — на 250 гектарах размесцім пшаніцу, 150 — адвядзём пад трыцікале, па 100 гектараў пасеем жыта і рапсу. Уздымам зябліва будзе займацца, акрамя іншых механізатараў і Міхаіл Заляціла. Да гэтага ён выконваў розныя работы на трактары МТЗ-1221. Дарэчы, за актыўны ўдзел у правядзенні сёлетніх веснавых палявых работ, як пераможца раённага працоўнага спаборніцтва раёна, механізатар быў узнагароджаны Ганаровай граматай райвыканкама і грашовай прэміяй, у час святкавання 70-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
За часы няспыннай работы ў полі, трактар, так скажам, “паднасіўся”. Каб паспяхова праводзіць узорванне глебы, Міхаіл Міхайлавіч заняўся рамонтам тэхнікі ў мехмайстэрні.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
