Яшчэ ў маладосці Наталля Лонская паехала вучыцца ў горад, яна не думала, што праз некаторы час зноў вернецца на малую радзіму.
— Калі атрымала спецыяльнасць, пачала працаваць на раённым камбінаце бытавога абслугоўвання, — успамінае жанчына, — але хутка выйшла замуж і зноў апынулася ў сваёй вёсцы Шыці. Дарэчы, аб гэтым не шкадую, бо і ў сельскай мясцовасці сумаваць няма часу.
Наталля ў жывёлагадоўлі працуе з 1994 года. Непрацяглы тэрмін з’яўлялася даяркай, а потым стала аператарам па вырошчванні маладняку буйной рагатай жывёлы. У гурце цялят, за якімі даглядае жанчына, 100 маленькіх гадаванцаў. Пільны догляд і своечасовае кармленне маладняку спрыяюць таму, што прывагі жывёлы на належным узроўні. Па выніках раённага спаборніцтва за верасень сярэднесутачная прывага ў гурце цялят, за якімі даглядае Наталля Лонская, склала 477 грамаў. А гэта, хоць і не самы высокі паказчык, але жанчына ўпэўнена трымае трэцяе месца за мінулы месяц.
За добрасумленную працу ад старшыні райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандра Герната жывёлавод узнагароджана падзякай і каштоўным падарункам.
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.

